Пагаворым пра грошы?

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на адкрытую дыскусію «Грошы як культурны артэфакт: месца дызайну ў гісторыі»».

afisza_34.jpg

У межах дыскусіі адбудзецца прэзентацыя манаграфіі Ксеніі Шталянковай, прысвечанай дызайну беларускіх грошай. Запрошаны эксперт – Уладзімір Уладзіміравіч Голубеў, дацэнт-laudatio праграмы «Візуальны дызайн і медыя» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, сябар Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў.
Манаграфія прадстаўляе даследаванне візуальнага дызайну папяровых грошай, якія цыркулявалі на беларускіх тэрыторыях у 1917-2016 гг. Мэтай даследавання з’яўляецца спроба канцэптуалізаваць з дапамогай аналізу нацыянальных наратываў, выкарыстаных у дызайне банкнот, камунікатыўны патэнцыял грошай, адлюстраваць ідэю беларускасці за апошнія 100 гадоў. Сярод асноўных пытанняў, якія разглядае аўтарка, можна адзначыць наступныя:
- Хто вызначае нацыянальныя наратывы, адлюстраванныя ў дызайне папяровых грошай?
- Як розныя выпускі грошай рэпрэзентуюць Беларусь?
- Якія нацыянальныя наратывы аказваюцца больш эфектыўнымі ў дызайне папяровых грошай?
 У кнізе прадстаўлены параўнальны аналіз беларускіх рублёў з грашыма Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі. Кніга будзе цікавай як спецыялістам у галіне дызайну, гісторыі і візуальных даследаванняў, так і шырокай аўдыторыі.
Дыскусія адбудзецца 18 снежня 2018, а 18:30 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М. Багдановіча, 7А). Уваход вольны.
Імпрэза ажыццёўлена пры падтрымцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Паводле прэс-рэлізу