
На гэтым тыдні асабліва пільную ўвагу прадстаўнікі сілавых структур праявілі да актывістаў моладзевых арганізацый.
Так, актывісты зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Раман Васільеў і Дзмітрый Крамянецкі 15 мая былі асуджаныя судом Цэнтральнага раёна Мінска да 12 і 10 сутак арышту
адпаведна за дробнае хуліганства. Актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка быў асуджаны да 10 сутак арышту таксама за дробнае хуліганства.
Васільева, Крамянецкага і Дземідзенку затрымалі ў Мінску даволі арыгінальным спосабам. Людзі ў цывільным адкрылі сваім ключом дзверы кватэры, дзе знаходзіліся актывісты “Маладога
Фронту, хлопцаў паклалі тварам на падлогу, а потым завезлі іх у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.
Актывісты арганізацыі звязваюць затрыманне сваіх паплечнікаў з пачаткам акцыі «Горад наш», падчас якой на вуліцы Няміга быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. На гэтым тыдні ў Беларусі
адзначаўся Дзень дзяржаўнага сцягу і герба.
Сяргей Каваленка, актывіст КХП-БНФ, аднавіў галадоўку ў віцебскім следчым ізалятары. Ён асуджаны на 2 гады і месяц зняволення за парушэнне рэжыму адбыцця «хатняй хіміі», якую ён
атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Алена Каваленка атрымала ліст ад свайго мужа Сяргея Каваленкі — першы ліст з віцебскага ізалятара, куды
палітвязня змясцілі ў маі пасля псіхіятрычнай экспертызы ў Навінках. У лісце Сяргей напісаў, што аднавіў галадоўку. Пра яго стан здароўя нічога не вядома.
У судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд адміністратыўнай справы Івана Амельчанкі, аўтара плакату “Мусарок, з якім хлопец пазіраваў на “Чарнобыльскім
шляху побач з міліцыянтам у цывільным. Суддзя Міхаіл Хома спачатку адправіў пратакол на дапрацоўку, а потым даў 15 сутак. У судзе Іван заявіў, што насамрэч ён напісаў на плакаце
па-англійску «My cop ok» (што значыць «мая міліцыя — добрая»). Адпаведна, ніякай непавагі да міліцыянта не выказваў, а плакат заклікаў супрацоўнікаў
праваахоўных органаў прытрымлівацца закону.
Іван Амельчанка вырашыў самастойна прыйсці ў міліцыю, паколькі яго цягам апошніх тыдняў пастаянна спрабавалі выклікаць праз бацькоў для дачы тлумачэнняў па справе аб масавых беспарадках 19 снежня
2010 года.
16 мая мінскага маладафронтаўца Міхася Мускага з ізалятара на Акрэсціна вывезлі ў вайсковую частку ў вёску Межыца (Віцебская вобласць). Дарогай хлопец здолеў патэлефанаваць сваім паплечнікам. Мускі
адседзеў 15 сутак арышту пасля “Чарнобыльскага шляху, аднак не выйшаў на свабоду. Суд накінуў хлопцу яшчэ 5 сутак. Вечарам таго ж дня былі затрыманы і маладафронтаўцы Уладзімір
Яроменак (7 сутак ад суддзі Фрунзенскага суда Людмілы Лапо ) і Павал Сяргей (на момант здачы нумару прысуд быў яшчэ не вядомы).
Таксама 16 мая быў затрыманы Раман Пратасевіч, які вывесіў бела-чырвона-белы сцяг на будынку ў цэнтры Мінска. Як паведамляе “Белорусский партизан, Рамана не маглі адправіць за
краты, паколькі яму яшчэ няма 18 гадоў. Таму праз некалькі гадзінаў яго адпусцілі з пастарунку. Пратасевіч кажа, што падчас затрымання ён быў моцна збіты.
Цяпер у Беларусі, паводле ацэнак праваабаронцаў, трынаццаць палітзняволеных.
На наступным тыдні ў Брусэлі адбудзецца шосты штогадовы Фестываль дакументальных праваабарончых фільмаў “Адзін свет (One World ). У панядзелак, 21 мая, у Еўрапарламенце ў рамках
фестывалю пройдзе абмеркаванне бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У дыскусіі прымуць удзел праваабаронцы — Таццяна Равяка (“Вясна), Ліда Вацкова (каардынатар
беларускіх праектаў арганізацыі “Чалавек у бядзе) і Саша Кулаева (кіраўнік аддзела краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH), паведамляе праваабарончы цэнтр
“Вясна.