Палітвязням патрэбная салідарнасць!

Лідара «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча ўначы з 3 на 4 верасня этапавалі ў Віцебскі следчы ізалятар.
 

28 жніўня ў папраўчай калоніі №13 у Глыбокім у закрытым рэжыме адбыўся суд над Дашкевічам па новай крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы (ч. 1, арт. 411 КК РБ) і пакаралі годам калоніі.
Нагадаем, Зміцер Дашкевіч разам з Эдуардам Лобавым быў затрыманы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 18 снежня 2010 года. Іх абвінавацілі нібыта ў злосным хуліганстве. Дашкевіча асудзілі да двух гадоў зняволення, Лобава — да чатырох.
Пасля вынясення лідару «Маладога фронту» новага прысуду 114 дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты выступілі з сумеснай заявай у яго абарону. У заяве адзначаецца, што «чарговы прысуд, вынесены да заканчэння тэрміну папярэдняга, — гэта яшчэ адзін сродак у арсенале рэпрэсіяў беларускіх уладаў. Пераслед, якому падвяргаецца Дашкевіч, носяць выразна палітычны характар і супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі, у прыватнасці аб недапушчэнні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання і пакарання».
Кандыдаты ў дэпутаты парламенту, якія прадстаўляюць розныя дэмакратычныя партыі і рухі, патрабуюць вызвалення ўсіх палітвязняў Беларусі. Цяпер у гэтым сумным спісе 14 чалавек: Зміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Павал Севярынец, Алесь Бяляцкі, Эдуард Лобаў, Сяргей Каваленка, Васіль Парфянкоў, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Павел Сырамолатаў, Арцём Пракапенка.
Варта звярнуць увагу на палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча, які быў асуджаны быццам бы за захоўванне пяці патронаў на пяць гадоў. Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, паспяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыску.
Аўтуховіч адбываў тэрмін у папраўчай калоніі №5 у Івацэвічах. У снежні 2011 года на месяц быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу. Рашэннем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 года, быў пераведзены ў турму Гродна. Камера, у якой сядзіць воін-афганец, знаходзіцца ў падвальным памяшканні, там высокая вільготнасць, кепскае асвятленне. Цяпер з адміністрацыяй і асуджанымі адносіны больш роўныя. Сядзіць Мікалай у камеры з адным чалавекам, прагулка толькі адзін раз на дзень на гадзіну. «Мікалай вельмі рады, калі яму пішуць. Часам злуецца, што на яго забываюцца. Але жонка кажа, што яе вельмі ўражвае мужнасць Мікалая, яго здольнасць трымацца, бо чалавека ні за што пазбавілі свабоды», — распавядае праваабаронца Алег Волчак. Ён адзначыў, што з кастрычніка Мікалаю застанецца 1,5 гады турэмнага зняволення.
Алег Волчак цяпер вядзе інфармацыйную кампанію за змену ўмоваў утрымання вязняў ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. «Я б зрабіў акцэнт, што незалежна ад віны чалавека, ад таго, палітвязень гэта ці сапраўдны злачынца, нельга ствараць жудасныя ўмовы ўтрымання, каб ён звярэў на ўвесь свет. Дай Бог, каб людзі, які вынеслі вырак Мікалаю ды забралі ў яго гады паўнавартаснага жыцця, аднойчы асэнсавалі сваю віну і папрасілі прабачэння. Бо гэта катаванне невінаватага, яго сям’і», — гаворыць праваабаронца.
P.S. Змітра Дашкевіча можна падтрымаць, даслаўшы ліст альбо паштоўку на адрас: 210026, Віцебск, вул. Гагарына, 2, СІЗА–2. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.
Лісты для Мікалая Аўтуховіча пішыце на адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма №1.