Папа Францішак асудзіў закрытасць да ўцекачоў як адну з формаў гвалту

Папа Францішак асудзіў нежаданне прымаць уцекачоў з краінаў, дзе ідуць войны, назваўшы яго адной з формаў гвалту, у пасланні да удзельнікаў XXVIII Міжнароднай сустрэчы “Людзі і рэлігіі”, якая пачалася 6 верасня ў Тыране па ініцыятыве экуменічнай дабрачыннай арганізацыі Супольнасць святога Ігідыя.



bezhanci.jpg

Гвалтам з’яўляецца ўзвядзенне сценаў і бар’ераў для стрымання людзей, якія шукаюць мірнага месца”, — падкрэсліў пантыфік у пасланні. — Гвалтам  з’яўляецца таксама адмаўленне людзей, якія ўцякаюць ад нечалавечых умоваў у надзеі на лепшую будучыню”, паведамляе be.radiovaticana.va.

Таксама Папа заклікае хрысціянаў актыўна супрацьстаяць войнам і гвалту: “Нельга скарыцца перад абліччам трываючых войнаў і канфліктаў, гвалту”. Гаворачы пра Боскі аспект праблемы ўцекачоў, Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, што вера ў Бога дае надзею і магчымасць дасягнуць міру, бо Бог “знаходзіцца ў цэнтры” ўсіх рэлігійных традыцыяў — як хрысціянскіх, так і іншых, бо “сапраўдная рэлігія — гэта крыніца міру, а не гвалту”.

Пантыфік ухваліў рашэнне Супольнасці святога Ігідыя правесці сваю сустрэчу менавіта ў Тыране, у 20-ю гадавіну заканчэння вайны на Балканах.

5 верасня, пасля традыцыйнай супольнай малітвы з вернікамі ў Ватыкане, Папа Францішак звярнуўся з заклікам да парафіяў, рэлігійных супольнасцяў, кляштараў і санктуарыяў усёй Еўропы прыняць па адной сям’і ўцекачоў:  “Перад абліччам трагедыі дзесяткаў тысячаў уцекачоў, якія ўцякаюць ад смерці па прычыне вайны і голаду, Евангелле кліча нас, просіць нас стаць блізкімі для самых малых і пакінутых, даць ім канкрэтную надзею”.

Дзве сям’і ў бліжэйшыя дні будуць прынятыя ватыканскімі парафіямі.

krynica.info