Пасля іранскага студэнта, у якога выявілі каронавірус, шпіталізавалі 26 аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў
Пасля інфармацыі пра выяўленне каронавірусу ў іранскага студэнта БНТУ шпіталізавалі 26 яго аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў, паведаміў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік 28 лютага падчас прэс-канфэрэнцыі ў Мінску, піша «Свабода».
Паводле міністра, цяпер вырашаецца пытанне з пасажырамі. У дзяўчыны і сям’і іранскага студэнта пакуль не выявілі прыкметаў каронавірусу.
Таксама Уладзімір Каранік паведаміў, што ў Беларусі зробяць больш пунктаў, дзе можна здаць аналіз на каронавірус. Да канца дня міністэрства апублікуе спіс месцаў у Мінску і рэгіёнах, дзе можна будзе здаць аналіз. Гэта будуць не паліклінікі, а спецыяльныя цэнтры. Першасны вынік тэсту можна атрымаць ужо праз 5 гадзінаў. Калі ёсць сумневы, праводзяць удакладняльныя тэсты.
У мінскую інфекцыйную лякарню за апошнія суткі звярнуліся 28 пацыентаў, 16 з іх шпіталізавалі, расказаў намеснік галоўнага лекара Гарадской клінічнай інфекцыйнай лякарні Мінску Святаслаў Вельгін.
«Цягам раніцы да нас звярнуліся 26 чалавек, 16 з іх шпіталізаваныя з прэвентыўнай мэтай. Ім робяць аналіз, праз суткі атрымаюць вынік. Пацыента могуць адпусціць на амбулаторны рэжым ці даглядзець», — паведаміў Святаслаў Вельгін.
27 лютага ў Беларусі пацвердзілі першы выпадак заражэння вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія з ім кантактавалі, змясцілі ў закрытыя боксы Мінскай інфекцыйнай лякарні.
А студэнтаў у БНТУ пераводзяць на індывідуальнае навучанне з 28 лютага да 16 сакавіка.