«Паслуг мне ніякіх там не аказвалі, нават не кармілі». Актывіст не хоча плаціць за перабыванне на Акрэсціна

Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, праз які з 2020 года прайшлі тысячы ўдзельнікаў пратэстаў, адмаўляецца адказваць на запыты грамадзян адносна іх утрымання ў сценах установы. Да такой высновы прыйшоў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў. Актывіст марна спрабуе атрымаць ад ІЧУ звесткі пра сваё знаходжанне там у 2020 годзе. «Ігнараванне суцэльнае», — цытуе Леаніда Кулакова «Свабода».

Леаніда Кулакова затрымалі раніцай 6 жніўня 2020 года ва ўласнай кватэры. Гэта было за 3 дні да прэзідэнцкіх выбараў. Актывіст мяркуе, што трапіў пад «прэвентыўны хапун», якія ўлады практыкавалі і раней. Але гэтым разам падзеі вакол яго развіваліся больш жорстка, згадвае Леанід Кулакоў.

«Была раніца, недзе 7-я гадзіна. Уварваліся ў кватэру, схапілі. Да 6 гадзінаў вечара трымалі ў Першамайскім райаддзеле і адтуль адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там не далі ані матрацу, ані бялізны, ніводнага разу не кармілі — проста трымалі да паўдня 7 жніўня. А тады павезлі ў Жодзіна.

У мяне ўжо быў прысуджаны арышт на 15 сутак нібыта за тое, што яшчэ 30 траўня выкрыкваў на пікеце «Стоп таракан». Вось па тым адкладзеным арышце і адбыў за кратамі 11 дзён.

Па выхадзе выставілі рахунак за «паслугі» ў ізалятары Жодзіна, але чамусьці дадалі і плату за суткі, нібыта праведзеныя ў ІЧУ на Акрэсціна. Гэта 13 рублёў 50 капеек, палова базавай велічыні.

За Жодзіна я расплаціўся, але грошы за Акрэсціна плаціць адмаўляюся. Паслуг мне ніякіх там не аказвалі, нават не кармілі, і прабыў я там не суткі, а меней за палову дня», — абураецца Леанід Кулакоў.

З мінулага года Леанід Кулакоў спрабуе аспрэчыць спагнанне з яго 13 з паловай рублёў, але марна. Актывіст двойчы падаваў на ІЧУ ў суд, але ягоныя скаргі не прымалі да разгляду нібыта праз тое, што ён не падаваў патрэбных дакументаў.

«Суд захацеў ад мяне афіцыйную даведку, колькі часу я прабыў у ізалятары, а потым каб я ўжо даказваў, што там нешта недакладна. Напісаў зварот у ІЧУ, адправіў яго заказным лістом з паведамленнем праз паштовае аддзяленне № 103, на тэрыторыі якога пражываю.

Мінуў месяц, адказу няма. Іду на пошту, а там кажуць, што мой ліст як ляжаў у іх, гэтак і ляжыць. На ім цяпер стаіць штамп «не запатрабаваны».

Кажуць, што некаторыя ўстановы, як ІЧУ, самі мусяць забіраць заказную пошту на іх адрас. Дык вось супрацоўнік нібыта прыходзіў, паглядзеў на мой ліст, але забіраць яго адмовіўся. А прычын не патлумачыў», — апавёў Леанід Кулакоў пра лёс свайго звароту ў ІЧУ.

Паводле актывіста, загадчыца паштовага аддзялення выказала версію, што ва ўстанове ведаюць ягоную асобу і чамусьці не хочуць перапісвацца.

«Развяла рукамі і сказала, што нічым дапамагчы не можа», — згадвае размову на пошце Леанід Кулакоў.

Леанід Кулакоў мяркуе, што мінскі ІЧУ на Акрэсціна парушае ягонае права атрымаць ад дзяржаўнай установы звесткі, якія тычацца яго як грамадзяніна, што гарантавана Канстытуцыяй Беларусі. Прычына, на думку актывіста, яўна палітычная.

«Мне помсцяць за палітычную актыўнасць. Проста выкраслілі з ліку грамадзянаў, элементарныя правы парушаюць. І такіх у нас тысячы, каму адмоўлена ў выкананні грамадзянскіх правоў. З гэтым рана ці позна любы сутыкнецца», — мяркуе Леанід Кулакоў.

Але што далей? Куды цяпер звяртацца па патрэбную даведку?

Актывіст шчыра прызнаецца, што адказу на гэтае пытанне не мае. Ён ужо скардзіўся на мінскі ІЧУ ва ўправу сталічнай міліцыі, але адказу не атрымаў і мяркуе, што скарга ў Міністэрства ўнутраных спраў будзе мець такі ж вынік.

Леанід Кулакоў ужо некалькі разоў атрымліваў папярэджанне ад судовых выканаўцаў, якія патрабуюць аплаціць рахунак за ўтрыманне ў ізалятары на Акрэсціна і пагражаюць штрафамі.

«Нядаўна зноў заблакавалі маю карту. І што далей? Не ведаю», — кажа Леанід Кулакоў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: