Пастаўскі суд не пакараў Змітра Лупача

Пастаўскі суд спыніў справу супраць глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача, паведамляе «Радыё Рацыя».

lupacz_3.jpg

Адміністрацыйную справу па ч.2 арт. 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») на яго завялі пастаўскія міліцыянты за сюжэт пра талерантнасць для YouTube тэлеканала «Белсат». Суддзя Наталля Максімовіч 18 лютага не асудзіла журналіста па прычыне пратэрмінавання справы.

Паводле Змітра Лупача, такое рашэнне пастаўскага суда стала для яго прыемнай нечаканасцю:

— Не чакаў такога рашэння суда. Я быў настроены, як заўсёды, што будзе штраф, тым больш, што яны паглядзелі сюжэт, былі сведкі. І як суддзя пачала чытаць рашэнне, я ўжо настроіў сябе так, што зараз яна скажа: нейкіх 50 базавых штрафу. А тут яна сказала спыніць справу, што выйшлі тэрміны. Сур’ёзна не чакаў такога.

Акрамя глыбоцкіх журналістаў на суд падтрымаць Змітра прыехала і яго калега з Віцебска Алена Шабуня. Для яе рашэнне суда было таксама нечаканасцю, але, як зазначае Алена, журналісты ўжо радуюцца таму, што і так павінна быць:

— У звычайным жыцці гэта нармальна, калі ты звяртаешся ў суд па вырашэнне той ці іншай сітуацыі і суд выносіць правільную пастанову па законе. І гэта для нас ужо становіцца нечым незвычайным, нейкай такой падзеяй «ай-яй-яй», гэта ж трэба — справу закрылі. Насамрэч, гэтую справу не павінны былі заводзіць.

lupacz_1.jpg



Як кажа Алена Шабуня, Канстытуцыя ў Беларусі пакуль не змененая, таму кожны беларус мае права збіраць і распаўсюджваць любую інфармацыю, калі яна не заклікае да звяржэння ўлады, вайны і не нясе небяспеку людзям або краіне.

Нагадаем, цягам апошняга месяца на Змітра Лупача пастаўскія міліцыянты завялі яшчэ адну справу за супрацу з тэлеканалам «Белсат», але яна адпраўленая назад на дапрацоўку ў РАУС.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя