За выбіты з рук супрацоўніцы міліцыі тэлефон гамяльчук атрымаў два з паловай гады калоніі
«Я абураны нашай сістэмай правасуддзя», — сказаў бацька Дзмітрыя Цімашэнкі.
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 19 лютага з апошнім словам выступіў Дзмітрый Цімашэнка, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніцы міліцыі. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Яшчэ 15 лістапада на пратэснай акцыі падсудны ўдарыў па руцэ міліцыянтку Наталлю Сінкевіч, якая здымала грамадзян, тэлефон выпаў з яе рук і разбіўся.
Справу разглядае суддзя Сяргей Кармановіч.
У судовых спрэчак пракурор запрасіў для абвінавачанага чатыры гады пазбаўлення волі.
Дзмітрый Цімашэнка падчас сваёй прамовы плача, просіць прабачэння ў пацярпелай, бацькоў, якім прынёс праблемы.
«Я не злачынца. На лаве падсудных апынуўся першы і апошні раз. Я раскайваюся, у мяне не было матыву палітычнай варожасці. Прашу даць мне пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі», — сказаў падсудны.
Абвяшчэнне рашэння адбылося ў 16.00.
Суддзя прызнаў Дзмітрыя Цімашэнку вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай установе агульнага рэжыму. Таксама падсуднаму трэба будзе выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелай міліцыянтцы на 1000 рублёў.
Як паведамляе «Радыё Свабода», бацька абвінавачанага Андрэй Кармановіч лічыць рашэнне суду занадта суровым і несправядлівым.
«Я абураны нашай сістэмай правасуддзя. У яго не было судзімасці, першы раз трапіў пад суд... І такі прысуд! Такая сітуацыя ў краіне насцярожвае», — заўважыў ён.
Маці Вольга кажа, што Дзмітрый скончыў школу з залатым медалём, паступіў на бюджэт у БДУІР, вывучыўся на праграміста і ўладкаваўся на працу.
«Мой сын — прыстойны і выхаваны чалавек. Калі забілі Рамана Бандарэнку — ён быў вельмі засмучаны. Ён казаў, што нешта нядобрае адбываецца ў нашай краіне. Магчыма, таму пайшоў на акцыю пратэсту», — выказалася маці.
Нагадаем, 15 лістапада ў Гомелі праходзіла нешматлікая акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада ў Мінску. Частка людзей пайшла праспектам Перамогі, другая — вуліцай Савецкай. Групка людзей была ля цырку. Іх здымала на мабільны тэлефон міліцыянтка Наталля Сінкевіч.
«Я спужаўся, што ў далейшым буду прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП. Я паспрабаваў выбіць рукой тэлефон у супрацоўніцы. Цэліўся ў тэлефон, быў спалоханы», — тлумачыў на судзе Дзмітрый Цімашэнка.
Тут жа, каля цырку, яго і затрымалі. Дзеянні Дзмітрыя расцанілі як гвалт у дачыненні да супрацоўніцы міліцыі з прычын «палітычнай варожасці».