Паўла Мажэйку аштрафавалі за інтэрв'ю 25 сакавіка
Вядомы незалежны журналіст, былы палітвязень Павел Мажэйка быў асуджаны за тое, што "падчас правядзення масавага мерапрыемства... браў інтэрв'ю ў прамым эфіры".
Днямі незалежны журналіст Павел Мажэйка атрымаў копію міліцэйскага пратаколу, які на яго склалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС г. Гродна. Пра гэта паведамляла "Гарадзенская вясна". У дакуменце было адзначана, што пратакол складзены паводле ч. 4. арт. 35 і . 15 арт. 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Міліцэйскі пратакол сведчыў, што “Мажэйка П.І. 25 сакавіка 2018 г., знаходзячыся ў Каложскім парку г. Гродна, падчас правядзення масавага мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю БНР, не маючы акрэдытацыі журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі, браў інтэрв’ю ў прамым эфіры на сайце польскага тэлеканалу “Белсат”, прысутнага на мерапрыемстве Саранчукова В.В. і змясціў на сайце польскага спадарожнікавага тэлебачання Белсат з мэтай далейшага распаўсюджання, чым парушыў патрабаванні нормаў арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь”.
14 траўня ў 14 гадзін на падставе гэтага пратаколу пачаўся судовы працэс над Паўлам Мажэйкам. Падтрымаць былога палітвязня на суд прыйшлi праваабаронцы і журналісты.
Справу разглядаў суддзя суда Ленінскага раёна г. Гродна Дзмітрый Бубенчык. Сведкам выступаў намеснік начальніка аддзелу аховы i правапарадку Аляксей Вайцешка.
Пасля 20-хвіліннага перапынку Бубенчык вынес пастанову, згодна з якой Павел Мажэйка быў аштрафаваны на 35 базавых велічыняў.
Паводле spring96.org