Пра што не здагадваюцца беспрацоўныя
Актывіст прафсаюзу РЭП з Баранавічаў Рыгор Грык распавёў praca-by.info пра даплаты, якія могуць атрымаць беспрацоўныя і пра якія большасць не ведае.
Калі вы стаіце на ўліку ў службе занятасці і больш за паўгода жывяце на сродкі, якія складаюць менш за бюджэт пражытачнага мінімуму, то ў наступныя месяцы вы маеце права атрымліваць не 40 рублёў дапамогі па беспрацоўі, а значна больш. Павінна быць падлічана, наколькі вашы даходы былі менш БПМ, і гэтая розніца кампенсаваная.
Праз пэўны прамежак часу пасля рэгістрацыі ў кабінеце, дзе вы стаіце на ўліку па беспрацоўі, можаце напісаць заяву з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу. Напрыклад, у выпадку, калі вам няма чым плаціць за камунальныя паслугі або наогул няма сродкаў да існавання. Разавая дапамога можа скласці каля 100 рублёў. Праз паўгода зноў можна напісаць падобную заяву.
Калі вы стаіце на ўліку ў Цэнтры занятасці насельніцтва, то вы маеце права на субсідыі з боку ЖКГ.
Рыгор Грык таксама распавёў пра свой досвед удзелу ў грамадскіх працах. Так, улетку яго прыцягвалі да работ у зелянгас.
За апошні час ён абышоў у Баранавічах пяць прадпрыемстваў, але нідзе прыдатных для яго вакансій не знайшлося.
— Мабыць, у тым ліку з-за дэкрэта «аб дармаедах» зараз чэргі з жадаючых стаць на ўлік у Цэнтр занятасці. Тым, хто прыйшоў рэгістравацца 20 студзеня, казалі звяртацца толькі праз месяц — 25 лютага. Працы ў горадзе няма, а з людзей яшчэ патрабуюць і плаціць за гэта. Гэта проста адабранне грошай, справядлівасцю тут і не пахне, — адзначыў Рыгор Грык.