У Гомелі хочуць правесці «Марш недармаедаў — раззлаваных беларусаў»

Гомельскія апазіцыянеры падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне "Маршу недармаедаў — раззлаваных беларусаў".

Ілюстрацыйны здымак. Фота Аляксандра Вайцешыка

Ілюстрацыйны здымак. Фота Аляксандра Вайцешыка

Ініцыятарамі масавага мерапрыемства, якое запланавана правесці ў Гомелі 19 лютага па вуліцы Савецкай, выступілі рэгіянальныя структуры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", аргкамітэта па стварэнні партыі "БХД", прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэса, іншыя рухі і ініцыятывы, паведамляе БелаПАН.
Арганізатары кажуць, што мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадзян да праблемы прымусовай працы, незаконнага пераследу непрацуючых грамадзян, дыскрымінацыйнага і антыканстытуцыйнага дэкрэта кіраўніка дзяржавы № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". У абласным цэнтры збіраюцца подпісы за яго адмену.
Як вядома, апазіцыйныя і дэмакратычна настроеныя партыі і арганізацыі ў Мінску і рэгіёнах пачалі розныя кампаніі за адмену дэкрэта "аб дармаедах". 17 лютага ў сталіцы плануецца "Марш раззлаваных беларусаў" супраць незаконных пабораў уладаў. Апазіцыя таксама збіраецца правесці ў Мінску 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, вулічную акцыю з удзелам грамадзян, прызнаных плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, — "Марш недармаедаў".
Паводле «Еўрарадыё»