У Магілёве прапануюць павялічыць падатак на дармаедства

Каля сотні чалавек падпісаліся пад іранічным зваротам да магілёўскіх дэпутатаў, прапанаваўшы прыцягнуць дармаедаў да збору вінаградных слімакоў, павялічыць падатак на дармаедства да 50 базавых велічынь і ўвесці збор за адвільванне ад шлюбнага абавязку.

hroshy_1.jpg


Зварот накіраваны 27 студзеня ў Палату прадстаўнікоў і кіраўніку Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Пад ім падпісалася 94 чалавекі.
«Улічваючы няважныя поспехі беларускай эканомікі па незалежных ад кіраўніцтва краіны прычынах, мы прапануем Вам прыняць інавацыйныя рашэнні, рэалізацыя якіх дазволіць выканаць даручэнне Гаранта [дасягнуць сярэдняга заробку ў 500 даляраў]», – пазначылі ў тэксце ініцыятары звароту.
Яны прапанавалі чатыры іранічных спосаба, якія дазволілі б, на іх думку, палепшыць становішча ў беларускай эканоміцы:
«1). Трэба скараціць колькасць працуючых, павялічыць узрост выхаду на пенсію, а вызваленых ўнесці ў разрад сацыяльных утрыманцаў са спагнаннем з іх збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў у 50 БВ (акрамя членаў БРСМ, «Белай Русі» і ФПБ). Канфіскаваныя ў дармаедаў сродкі дазволяць давесці зарплату астатнім да 500 долараў і вышэй!
2). Увесці падатак на сэкс-дармаедства для грамадзян, якія ўхіляюцца ад выканання абавязкаў ускладзеных на іх звыш для забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі, абароназдольнасці дзяржавы і павелічэння колькасці падаткаплацельшчыкаў.
3). Для папаўнення валютных запасаў дзяржавы і паляпшэння дабрабыту дзяржчыноўнікаў, будаўніцтва прэзідэнцкіх рэзідэнцый і лядовых палацаў неабходна прыцягнуць дармаедаў да збору сыравіны, запатрабаванай на экспарт паводле Белстату: вінаградных слімакоў, зялёных жабаў, матыля, чалавечых валасоў, чалавечай крыві, бычынай спермы і г.д. , бо такіх рэсурсаў у нашай фауне звышдастаткова!
4). Даручыць кіраўніцтву АГП арганізаваць «Мільён працоўных месцаў» у вёсцы для калгаснікаў, якія спіліся, ды бяздомных, якіх неабходна заняць вырошчваннем часнаку, зборам бярозавага соку, бо амаль увесь метал яны ў насельніцтва і арганізацый канфіскавалі, а на выпіўку разжыцца грашыма стала складаней», — запатрабавалі падпісанты. Адказ на калектыўны зварот павінен прыйсці Аляксею Паўлоўскаму.

izobrazenie.jpg


Ігар Лазоўскі,Магілёўская вясна