Дашкевіч вярнуў сваё аўто
Лідар «маладафронтаўцаў» Зміцер Дашкевіч паведаміў, што змог вярнуць сваё канфіскаванае аўто. Грошы на аплату штрафаў за ўдзел у акцыях грамада сабрала талакой.
«Дзякуй Богу за перамогу!
«Зьміцер, зайдзі на ўправу, тут табе пакінулі грошы,» — трыготкім голасам запрасіла мяне Вальжына Шутава. «Навошта так хвалявацца?» — падумаў я ідучы на ўправу. «Трымай, тут дзьве тысячы», — працягнула Вальжына капэрту. Я зазірнуў — усё зялёнае — і расхваляваўся сам.
Невядомы чалавек пакінуў на ўправе Партыі БНФ дзьве тысячы долараў і пайшоў сабе па справах. Я думаў, што ў Беларусі даўно ўжо няма такіх бізнэсменаў, якія гатовы такія грошы ахвяраваць змагарам, але вось вам, калі ласка…
Пры тым, што я ні да кога не зьвяртаўся і не прасіў дапамогі, дзясяткі людзей за гэтыя пару дзён напісалі з прапановаю дапамагчы! Некалькі чалавек прапанавалі браць іхнія машыны і катацца, колькі спатрэбіцца. Адзін хрысьціянін настойвае, каб я забраў адну з дзьвюх ягоных машын у якасьці падарунка. Скажу вам, сябры, праўду — я ніколі не сутыкаўся з такой падтрымкай! Дзякуй кожнаму добраму сэрцу за падтрымку, малітвы, дапамогу!
Дзякуючы цёплай часіне года, якая, — як мудра заўважыў Сяржук Семянюк, — хутка прыходзіць, была сплочана ільвіная частка штрафаў. Яшчэ частку новых пратаколаў і 10% прыставовага навару я сплаціў з ахвяраваных грошаў і ўчора позьнім вечарам вырваў нашу машынку з лапаў судовых дармаедаў.
Хачу натхніць усіх: стойце трывала, пашырайце ідэі Беларушчыны — і знойдуцца людзі, якія падтрымаюць вас і вашу працу. І гэтых людзей будзе значна больш, чым ня толькі нашыя ворагі, але і мы самі можам уявіць. Прынамсі, я ня ведаю ніводнага чалавека, які за свае кроўныя плаціў бы штрафы, без падтрымкі заставаўся б ў супрацьстаяньні са злачынцамі. Заўсёды будзе падтрымка, заўсёды будзе дапамога — Госпад натхняе на гэта многія і многія сэрцы, значна болей, чым мы нават можам сабе ўявіць )
На зло нашым ворагам і на радасьць усім людзям добрай волі будзьма салідарнымі! Калі хто хоча паўдзельнічаць, вы можаце заўсёдна ахвяроўваць на нашу агульную з вамі справу ў межах кампаніі #наколыісьцягі»
Паводле «Нашай Нівы»