Праца для псіхіятра

У 2012 год Беларусь увайшла з ворахам праблем у сацыяльна-палітычным і эканамічным ладзе. І прагнозы на развіццё падзей аналітыкі робяць неахвотна — дзеянні афіцыйнага Мінска мала прадказальныя.

У 2012 год Беларусь увайшла з ворахам праблем у сацыяльна-палітычным і эканамічным ладзе. І прагнозы на развіццё падзей аналітыкі робяць неахвотна — дзеянні афіцыйнага Мінска мала прадказальныя.
Дыпламаты Еўрасаюза падкрэсліваюць, што адносіны паміж ЕС і Беларуссю ў замарожаным стане. Умовы для аднаўлення дыялогу застаюцца ранейшымі — вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных. Але ўлады пакуль не дэманструюць рашэння выканаць гэтыя патрабаванні, і заходні вектар знешняй палітыкі застаецца нязменным. Зрэшты, як і пазіцыя Еўропы, якая не мае намеру ўвесці жорсткія эканамічныя санкцыі, а працягвае “пільна назіраць за падзеямі ў Беларусі.
Больш рашуча ў гэтым плане дзейнічаюць Злучаныя Штаты Амерыкі. Прэзідэнт ЗША Барак Абама 3 студзеня зацвердзіў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі–2011. Аўтарам законапраекта з’яўляецца кангрэсмен ад Рэспубліканскай партыі Крыс Сміт. Дакумент накіраваны на “падтрымку людзей, якія змагаюцца за асноўныя правы супраць Аляксандра Лукашэнкі. Злучаныя Штаты заклікаюць улады Беларусі правесці “новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. ЗША таксама заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакея з шайбай адмяніць рашэнне аб правядзенні ў Мінску чэмпіянату свету 2014 года.
“Сёння Лукашэнка гаворыць, што не пойдзе на гэтыя ўмовы. Але цяжка сказаць, што ён вырашыць заўтра. І тут я згодны з эканамістам Леанідам Заікам — хай прагнозы аб магчымых кроках улады робяць псіхіятры. У Беларусі рабіць прагнозы — справа няўдзячная. Але я спадзяюся, што вузел з палітзняволенымі Лукашэнка будзе вымушаны неяк развязаць, — гаворыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Да слова, хакейнай слабасцю Лукашэнкі Еўропа маніпуляваць не збіраецца. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Майра Мора на гэты конт сказала наступнае: “Я думаю, што гэтае пытанне трэба накіроўваць у спартыўныя федэрацыі. Еўрапейскі саюз не можа ім у гэтым плане нічога раіць — гэта незалежныя і непалітычныя арганізацыі. Еўрапейскі саюз не можа ім забараніць ці рэкамендаваць. Але ж у гэтым чэмпіянаце прымае ўдзел пэўная колькасць краін. І калі ёсць падобныя настроі, як тое, што выказаў Ажубаліс (міністр замежных спраў Літвы Ажубаліс нядаўна прапанаваў пазбавіць Беларусь права праводзіць чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе), а я гэтага не выключаю, то яны могуць або байкатаваць гэты чэмпіянат, або заклікаць да байкоту. Сам жа Еўрасаюз як аб’яднанне краін зрабіць гэтага не можа.
Цягам 2011 года Беларусь выйшла з Расіяй на лінію адносінаў, калі кірунак развіцця падзей задае Крэмль. Пакуль гэта выглядае як паступовая інтэграцыя на ўзроўні эканамічных катэгорый, за што наша краіна атрымлівае бонусы ў выглядзе адносна невысокіх цэн на газ і новых уладальнікаў беларускіх прадпрыемстваў.
І хаця ў Расіі перад прэзідэнцкімі выбарамі наспелі свае ўнутраныя канфлікты, што пагражаюць пахіснуць маналіт дуумвірату Пуціна і Мядзведзева, Беларусь па-за ўвагай не апынецца. Якаўлеўскі перакананы: “Праблемы Расіі ў палітычным ладзе не азначаюць, што Расія забудзецца на нас.
Варта нагадаць, што сёлета ў Беларусі адбудуцца выбары ў парламент. Ці, калі больш дакладна, кампанія па прызначэнні дэпутатаў. Традыцыйна парламенцкія выбары надаюць некаторае ажыўленне палітычнай сферы краіны, але сур’ёзных баёў з важкім вынікам чакаць не трэба. Апазіцыйныя сілы яшчэ не вызначыліся са стратэгіяй дзеянняў — удзел ці байкот. Іх агульны раздроблены стан не дае падстаў спадзявацца, што парламенцкія выбары будуць вялікай супольнай кампаніяй, што згуртуе людзей, найперш незаангажаваных у палітычную сферу.
Відавочна, і ўлады не маюць намеру ладзіць чарговую “лібералізацыю пад парламенцкія выбары. “Лукашэнка загадаў кіраўніцы ЦВК Ярмошынай не чапаць выбарчы кодэкс. Магчыма, больш розгаласу будзе ад дзеянняў ідэолага Аляксандра Радзькова і яго “Белай Русі. Але цяперашняе заканадаўства і агульны стан спраў не даюць ніякіх спадзеваў на тое, што ў Палату прадстаўнікоў патрапяць апаненты рэжыму, — разважае палітаглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Увогуле, палёт думкі кіраўніка дзяржавы не мае межаў, таму малапрадуктыўна разважаць пра тое, як зменяцца формы ціску на недзяржаўную прэсу, апазіцыю. Але, безумоўна, гайкі перад гэтай кампаніяй падціснуць.
Агулам прадстаўнікі апазіцыйных сілаў на гэты год маюць скептычныя прагнозы. Вялікіх прарываў у грамадска-палітычным ладзе ніхто не чакае. Хіба што зоркі сыдуцца ў нечаканай камбінацыі. У супрацьвагу гэтаму экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, наадварот, мяркуе, што 2012 год будзе ў пэўнай ступені пераломным для Беларусі.
“Гэты год паводле ўсходняй філасофіі — год чорнага дракона. Хто што пасеяў раней, тое і атрымае. Гэта тычыцца як народнай, так і індывідуальнай кармы. Мы будзем мець наступствы, якіх не пазбегнуць. Трэба глядзець на тое, што адбываецца не ва ўладзе, а ў народзе. І я хачу нагадаць: калі мы хочам змяніць нешта вакол, то трэба змяніць сябе, кожны з нас робіць пэўны выбар, — лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты 2006 года.
У падтрымку слоў Казуліна аб настроях народа (ці ў супрацьвагу ім і як доказ бязмежнага цярпення беларусаў) можна прывесці вынікі снежаньскага сацыялагічнага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). На фоне эканамічнага крызісу сацыёлагі зафіксавалі рост даверу да кіраўніка дзяржавы з 24,5% да 31,2%.