Гендырэктар «БелРэстІнвест»: Магчыма, лісты ў дзяржустановах былі згубленыя
Уладальнікі рэстарацыі «Паедзем, паядзім», што знаходзіцца ля Курапатаў, даслалі ў рэдакцыю «Новага Часу» ліст, у якім пацвярджаюць, што звярталіся з прапановай добраўпарадкавання мемарыяла ў дзяржорганы.

У рэдакцыю «Новага Часу» прыйшоў ліст ад генеральнага дырэктара кампаніі «БелРэстІнвест» Андрэя Ярмоленкава. У ім паведамляецца, што на нашым партале была размешчана не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя пра тое, што СТАА «БелРэстІнвест» у 2012 годзе не рабіла ніякіх спроб паўдзельнічаць ва ўладкаванні мемарыялу ў Курапатах.
Да ліста спадар Ярмоленкаў далучыў фотакопію звароту СТАА «БелРэстІнвест» (выходны ліст № 110 ад 13.11.2012 г. у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Мінскі раённы выканаўчы камітэт), нібыта афіцыйна зарэгістраванага ў прыёмнай Упраўлення эканомікі Мінскага райвыканкама 16.11.2012 г. з індэксам «I - 6873».

Фота ліста, дасланае Андрэем Ярмоленкавым
«Ідэнтычныя лісты былі перададзеныя ва ўсе пералічаныя інстанцыі. Магчыма, лісты ў іншых інстанцыях не былі зарэгістраваныя належным чынам або былі згублены», — піша адпраўшчык.
Дадзены ліст пацвярджае, што кіраўніцтва СТАА «БелРэстІнвест» не засталося абыякавым і прапаноўвала пасільную дапамогу і інвестыцыі для арганізацыі мемарыяла.
Аднак, як вынікае з адказу Міністэрства культуры, апублікаванага парталам TUT.BY, такога ліста ў ведамства не паступала. Такі ж самы адказ на запыт блогера Дзяніса Івашынадала Гепракуратура.
«На жаль, гэтая прапанова не была рэалізавана не па нашай віне», — заключае Андрэй Ярмоленкаў словамі саўладальніка рэстарацыі «Паедзем, паядзім» Леаніда Зайдэса.
Нагадаем, 20 ліпеня падчас сустрэчы з журналістамі саўладальнік рэстарана «Паедзем паядзім» Леанід Зайдэс сказаў, што ў 2012 годзе кампанія дасылала ў Мінкульт ліст з прапановай прафінансаваць стварэнне ва ўрочышчы мемарыяла. І нават указвала арыенціровачны аб'ём інвестыцый, які ўладальнікі гатовыя былі ўкласці ў развіццё мемарыяльнага комплексу — 1 мільярд недэнамінаваных рублёў. Тады ж Зайдэс адзначыў, што рэалізаваць гэты праект не атрымалася, «і не па нашай віне».