Актывістак БХД будуць судзіць за Курапаты у дзень памяці ахвяр сталінізму
Актывістак Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Ірыну Захараву і Алену Янушкоўскую 23 жніўня будуць судзіць у Віцебску за ўдзел у Курапацкай вахце 8 жніўня.

Ірыну Захараву будуць судзіць а 09:30 у Першамайскім гарадскім судзе Віцебска, Алену Янушкоўскую – а 09:30 у судзе Віцебскага раёна.
«Менавіта ў дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму нас будуць судзіць. Я нават прасіла перанесці на дзень пазней, бо ў нас заўтра сустрэча з намеснікам старшыні аблвыканкаму. Але мне сказалі, што тады правядуць паседжанне без мяне. Добра што, намеснік старшыні аблвыканкаму пайшоў насустрач і перанёс сустрэчу на 08:00», — адзначыла Ірына Захарава.
Па дарозе на курапацкую варту 8 жніўня віцебскіх актывістаў БХД затрымлівалі тройчы. Таксама іх затрымалі на зваротным шляху ў Віцебск і адвезлі ў Бараўлянскі РАУС.
Паводле прэс-службы БХД