Пракуратура распачала праверку выставы Алеся Пушкіна ў гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця»
Пракуратура праводзіць праверку выставы мастака Алеся Пушкіна, якая адкрылася 19 сакавіка ў «Цэнтры гарадскога жыцця», па адрасе Кірава, 3, піша hrodna.life са спасылкай на «СБ. Беларусь сегодня».
Праверка звязана з размяшчэннем партрэта дзеяча беларускага нацыянальна-вызваленчага пасляваненнага супраціву Яўгена Жыхара. «Па выніках разглядаемага факта будзе дадзена прынцыповая ацэнка: пры наяўнасці прадугледжаных законам падстаў — ажно да ўзбуджэння крымінальнай справы», — заявіў старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Максім Кірыла.
Напярэдадні, 23 сакавіка, гледачы жывога эфіру са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Каранікам задалі пытанне пра выставу ў «Цэнтры гарадскога жыцця». Прыкладна ў гэты ж час у памяшканне «Цэнтра» спрабаваў патрапіць АМАП.
«А что скажет наш уважаемый губернатор на то, что в городе с ведома местной власти продолжает работать рассадник бчб-заразы — так называемый "Центр городской жизни"»?
Між іншым, фота таго самага Яўгена Жыхара размешчана ў экспазіцыі Дзяржаўнага пастаўскага краязнаўчага музея.