Суд перагледзеў справу аб пратэстах: «хатнюю хімію» замяніў на калонію, у 4 разы павялічыў кампенсацыю
25 сакавіка Гродзенскі абласны суд разгледзеў апеляцыю і прызначыў Мікіту Самарыну новае пакаранне: два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе TUT.BY
Гродзенец Мікіта Самарын у снежні 2020 года быў асуджаны на чатыры гады «хатняй хіміі» за тое, што распыліў газ у бок міліцыянта. Малады чалавек паспрабаваў заступіцца за супрацоўніка «Гродна Азот», калі таго спрабавалі затрымаць невядомыя ў цывільным.
Гродзенец быў прызнаны вінаватым па арт. 364 КК РБ («Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Самарын таксама павінен выплаціць пацярпеламу 500 рублёў кампенсацыі.
25 сакавіка Гродзенскі абласны суд разгледзеў апеляцыю і прызначыў гродзенцу новае пакаранне: два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе Hrodna.life.
Справу 23 сакавіка пачала разглядаць судовая калегія абласнога суда ў складзе суддзяў Андрэя Ліхача, Уладзіміра Яўхуты і Валерыя Раманоўскага. Рашэнне яна вынесла 25 сакавіка.
Нагадаем, Мікіту Самарына затрымалі 6 кастрычніка. Паводле праваабаронцаў, пры затрыманні хлопца жорстка збілі, у вочы пырскалі газам з балончыка. Пасля гэтага яго забрала «хуткая»: у Самарына былі траўмы і апёкі вачэй. Увесь час да суду Мікіта быў пад вартай у СІЗА на Кірава.
15 кастрычніка міліцыя апублікавала відэа, на якім Самарын распавядае, як адбіваў чалавека ад людзей у цывільным недалёка ад РАУС Кастрычніцкага раёна горада ў Гродне. Самарын казаў, што распыліў газ у бок тых, хто затрымліваў людзей.
У пацярпелага — 32-гадовага супрацоўніка міліцыі Сяргея Дойліда — траўм, якія прывялі да страты здароўя, не было. Але ён заявіў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды на тры тысячы рублёў. Суму тлумачыў тым, што «доўга не мог акрыяць, кожны дзень успамінаў гэты нядобры момант, дрэнна спаў, пасварыўся з жонкай, перажываў за сваё здароўе».
У снежні 2020 года суд прызначыў Самарыну чатыры гады «хатняй хіміі», таксама ён павінен быў выплаціць 500 рублёў міліцыянту.
Аднак пракурор палічыў, што пакаранне занадта мяккае, і падаў пратэст. Самарын таксама быў нязгодны з пакараннем.
У выніку абласны суд прызначыў гродзенцу новае пакаранне — два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі.
Суму кампенсацыі пацярпеламу міліцыянту павялічылі — з 500 да 2000 рублёў.
Як расказалі прысутныя на судзе, пасяджэнне доўжылася ўсяго некалькі хвілін. Сам Мікіта ў суд не з'явіўся. Ён накіраваў ліст праз сябра. У ім распавёў, што, паводле яго інфармацыі, у зале суда планавалі адвольныя затрыманні, што пагражала яму і прысутным. У будынку суда сапраўды знаходзіліся сілавікі.
Чытаць цалкам: https://news.tut.by/society/723850.html?