Чатыры гады «хатняй хіміі» гродзенскаму аўтарэстаўратару Мікіту Самарыну

11 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Мікіты Самарына



samaryn_002.jpg

Яго вінавацілі у парушэнні 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядаў суддзя Руслан Хіхол.

Пацярпелы — супрацоўнік міліцыі Сяргей Біліда.

З матэрыялаў следства вядома, што 25 жніўня падчас несанкцыянаванага пікету паблізу Кастрычніцкага РАУС малады чалавек паспрабаваў заступіцца за супрацоўніка ААТ «Азот», калі таго спрабавалі затрымаць невядомыя ў цывільным. У аднаго з іх, па версіі следства, Мікіта распыліў газ.

Суддзя Хіхол абвясціў прысуд — чатыры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (хатняя хімія). Апроч таго, Самарын павінен выплаціць пацярпеламу 500 рублёў грашовай кампенсацыі.

Мікіта вызвалены з пад варты ў залі суда.

Учора падчас судовага пасяджэння Самарын заявіў, што яго фізічным прымусам прымусілі гаварыць на відэа тое, што і як ён рабіў, пры тым фактычна ён агаварыў сябе. Пры здымках гэтага відэа давялося рабіць некалькі дубляў, паколькі Самарын не хацеў казаць тое, што яго прымушалі. Пры запісе ён быў змушаны чытаць словы па паперцы.


spring96.org