За поўху Азаронку — два гады «хатняй хіміі»

У судзе, які пачаўся 23 сакавіка, абвінавачаная Вольга Калацкая і пацярпелы Рыгор Азаронак прыйшлі да прымірэння. Тым не менш дзяржабвінаваўца запытала для перакладчыцы два гады «хатняй хіміі». Сёння а 16-й гадзіне суд вынес вырак: прызнаць вінаватай і прызначыць пакаранне, якое запатрабавала абвінавачванне.

Фота Аляксандра Васюкевіча

Фота Аляксандра Васюкевіча


На абвяшчэнне прысуду прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, піша TUT.BY. Пацярпелага Рыгора Азаронка сярод іх не было. А 16-й гадзіне суддзя Ала Скуратовіч вынесла вырак: прызнаць вінаватай і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Арышт на грашовыя сродкі па рашэнні суда — адмяніць, рэчавыя доказы — захоўваць у матэрыялах справы.

Пад вартай Вольга Калацкая знаходзілася з 15 студзеня 2021 года — у той дзень яе затрымалі проста падчас заняткаў па англійскай мове. Вользе прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 339 КК («Злоснае хуліганства»), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі да трох гадоў альбо пазбаўлення волі да шасці гадоў.

Як стала вядома на судзе, 15 лістапада 2020 года Вольга Калацкая ехала на Заходнія могілкі, дзе пахаваны яе бацька. Паколькі з-за акцыі ў памяць загінулага Рамана Бандарэнкі грамадскі транспарт спыніўся, яна выйшла каля станцыі метро «Пушкінская». Там яна звярнула ўвагу на людзей, якія абступілі карэспандэнта СТБ Рыгора Азаронка. Той, паводле слоў Вольгі, задаваў ім адно і тое ж пытанне: ці ведаюць яны імя па бацьку Рамана Бандарэнкі, які памёр ад цяжкіх траўм 12 лістапада і смерць якога Вольга цяжка перажывала.

— Не атрымаўшы адказу, ён сказаў: «Як вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не можа назваць яго імя па бацьку?» Гэта мяне глыбокая абразіла і абурыла. Фактычна сцвярджалася, што людзі, якія сабраліся, не магуць смуткаваць з нагоды смерці Бандарэнкі, выказваць спачуванні яго блізкім, бо не ведаюць дэталей біяграфіі. У стане эмацыйнага ўзрушэння я наблізілася і дала Азаронку поўху.

З тэксту абвінавачання вынікае, што Вольга Калацкая дала дзве аплявухі Рыгору Азаронку, чым нанесла яму фізічны боль і пакуты. Перакладчыца сцвярджае, што не хацела прычыніць яму фізічны боль, «гэта быў чыста сімвалісты жэст».

На судзе 25-гадовы Рыгор Азаронак расказаў, што адну з аплявух ён нават не адчуў, а пра фізічны кантакт даведаўся з відэа, якое пазней было апрылюднена тэлеграм-каналам «Жоўтыя слівы». Сам ён заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы не пісаў, сцвярджае супрацоўнік СТБ — яе распачалі па выніках праверкі міліцыі.

Падчас следства Рыгор Азаронак заяўляў хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы, гэтае ж хадайніцтва ён падтрымаў і ў судзе. Суддзя Ала Скуратовіч адклала рашэнне па ім да 24 сакавіка, калі павінны абвясціць прысуд.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Падчас суда Рыгор Азаронак і Вольга Калацкая прыйшлі да прымірэння.

Дзяржаўны абвінаваўца, старшы памочнік пракурора Валерыя Таратынка настойвала, каб адхіліць хадайніцтва пацярпелага і запрасіла для перакладчыцы пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Адвакат Юры Сташкевіч прасіў спыніць крымінальную справу ці абмежавацца арыштам, залічыўшы ў яго тэрмін утрымання пад вартай.

У выніку Калацкая была асуджаная, але вызваленая з пад варты ў залі суда.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева