Прапаршчык і сяржант вайсковай часткі, дзе загінуў Аляксандр Коржыч, затрыманыя ў Барысаве
Следчыя і аператыўнікі, якія вядуць справу аб смерці ў вайсковай частцы Аляксандра Коржыча, цяпер працуюць у Пінску.

У чацвер на сустрэчы з імі былі родныя і блізкія загінулага салдата. У сераду дапытвалі сяброў Аляксандра.
Адзін з блізкіх сяброў Аляксандра Коржыча Ілля кажа, што ўжо даваў паказанні ў гэтай справе: «Я амаль не размаўляў са следчымі, гэта быў усяго толькі фармальны допыт і ўсё. Я сказаў, што Саша распавядаў досыць мала пра катаванні і збіванне ў войску. Магу толькі адзначыць, што прапаршчык Ягор С., у якога апынулася картка Сашы і які ёю карыстаўся, а таксама сяржант Яўген Б. цяпер затрыманыя ў Барысаве і знаходзяцца на гаўпвахце».
Аляксандр Коржыч праходзіў службу ў вайсковай частцы № 43064 у трэцяй школе, трэцяй роце, другім узводзе. Да яго досыць часта прыязджалі блізкія сябры, сярод якіх і жыхар Пінску Дзмітры Казак:
«Недзе прыкладна праз два тыдні, калі Аляксандр пайшоў у войска, ён пачаў скардзіцца, што складана прывыкаць. Наракаў, што не можа нармальна выспацца, што ежа досыць кепская і яе нестае. Хоць першы час казаў, што ў яго ўсё ў парадку. А вось калі мы прыехалі да Сашы 16 ліпеня, то ягоная банкаўская картка ўжо была ў прапаршчыка Ягора С. І вось ужо тады Саша прасіў нас раздрукаваць і прывезці яму ўсе аперацыі з карткай. Мы прывезлі паперы, было ўжо зразумела, што ёю актыўна карыстаюцца, яна „ходзіць“ ледзь не па ўсёй краіне».

Аляксандр Коржыч, архіўнае фота
У версію пра самагубства сябар
Аляксандра Коржыча Дзмітры Казак не верыць:
«Паглядзіце, яго выпісалі 26 верасня, і яго ніхто не шукаў. Пяць дзён Аляксандра проста нідзе не было, скажыце, як гэта магчыма ў нашым сённяшнім войску? Я служыў і ведаю, што кожнага чалавека падчас вячэрняй праверкі пералічваюць. Калі некага не будзе ці нехта затрымаецца хоць на паўгадзіны, гэта будзе для часткі надзвычайнае здарэнне. Адразу ж пачынаюцца пошукі, паведамляюць бацькам, што салдата няма. Камандзіры звоняць усім, каму магчыма, і намагаюцца даведацца, куды зніклы можа накіравацца. А тут Сашы не было пяць сутак. Гэта проста немагчыма».
Тым часам органы пракуратуры праводзяць праверку ў парадку нагляду ў сувязі са смерцю вайскоўца тэрміновай службы ў 72-м Абʼяднаным навучальным цэнтры Узброеных сілаў Беларусі, паведамілі БелаПАН у генеральнай пракуратуры.
Высвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі гібелі вайскоўца. У праверцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі генеральнай пракуратуры і пракуратуры Мінскай вобласці.
21-гадовы ўраджэнец Пінску Аляксандр Коржыч, прызваны на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію не вераць.
10 кастрычніка следства паведаміла аб пачатку крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносінаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносінаў падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы).
12 кастрычніка Міністэрства абароны выступіла з заявай, у якой паабяцала, што «у выпадку выяўлення ў вызначаным законам парадку асобаў, вінаватых у смерці вайскоўца, яны абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».