Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 6 чалавек

Праваабарончая супольнасць Беларусы прызнала палітзняволенымі шасцярых чалавек. Хто гэтыя людзі?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

4 жніўня 2020 года быў затрыманы адзін з кіраўнікоў ініцыятывы "Ч*стные люди" Ілля Шапаткоўскі. Паводле звестак, затрыманне было звязанае з расследаваннем справы "Белгазпрамбанка". Аднак, згодна з наяўнай інфармацыяй, цяпер ён утрымліваецца пад вартай і абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, зробленыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Тым часам, І. Шапаткоўскі да затрымання вёў адкрытую актыўную легітымную палітычную дзейнасць: браў актыўны ўдзел у працы выбарчага штаба В. Бабарыкі і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў, а пасля адмовы ў рэгістрацыі В. Бабарыкі ў якасці кандыдата актыўна ўдзельнічаў у працы ініцыятывы "Ч*стные люди", чыёй канчатковай мэтай была падтрымка празрыстых працэдур дэмакратычнага галасавання і падліку галасоў на выбарах.
Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, праваабаронцам падаецца неабгрунтаваным. У прыватнасці:
Ігар Краўцоў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 130 КК за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, паводле арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і службовай асобы праз публікацыю каментароў у сацыяльнай сетцы, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі.
Руслан Садоўнічы асуджаны паводле арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, паводле ч. 1 арт.130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і паводле ч. 1 арт. 366 КК за пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі — следчага СК, да трох гадоў і 6 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі.
Каментары такога кшталту, як размешчаныя абвінавачанымі, не з'яўляюцца непасрэдным заклікам да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, а з'яўляюцца элементам дыскусіі. У сувязі з гэтым неабходна нагадаць, што любыя дапушчальныя абмежаванні, якія накладаюцца на асноўныя правы і свабоды, павінны быць "неабходныя ў дэмакратычным грамадстве". З гэтай прычыны абмежаванні павінны быць неабходнымі і прапарцыйнымі ва ўмовах грамадства, заснаванага на дэмакратыі, вяршэнстве права, палітычным плюралізме і правах чалавека. Яны павінны таксама найменш абмяжоўваць з ліку тых мер, якія маглі б забяспечыць адпаведную ахоўную функцыю. У іншым разе ўмяшанне дзяржавы, у тым ліку ў форме крымінальнага пераследу за парушэнне нацыянальнага закона, будзе азначаць парушэнне правоў чалавека.
Сяргей Ляхновіч узяты пад варту паводле арт. 350 ч. 2 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі) і арт. 130 ч. 1 КК за дапамогу (прадастаўленне магчымасцяў свайго персанальнага камп'ютара) у ажыццяўленні кібератакі на сайт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў адказ на рэпрэсіі ў дачыненні да студэнтаў.
Уладзімір Кашко асуджаны і пачаў адбываць пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту паводле арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя) за перадачу Telegram-каналу персанальных звестак 27 супрацоўнікаў МУС.
Алег Ермакоў узяты пад варту паводле абвінавачання ў перадачы звестак супрацоўнікаў праваахоўных органаў пратэсным інфармацыйным рэсурсам.