Праз чатыры месяцы Анатоля Шумчанку аштрафавалі за Дзень Волі
Лідар прадпрымальніцкага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка аштрафаваны на 20 базавых велічынь (420 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — Дні Волі.
![Фота Анатоля Шумчанкі на Дні волі, прадстаўленае ў судзе Фота Анатоля Шумчанкі на Дні волі, прадстаўленае ў судзе](/img/v1/userfiles/images/51aabd11_f42b_4874_81a8_acd721388571_w987_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Анатоля Шумчанкі на Дні волі, прадстаўленае ў судзе
Яго абвінавацілі ў тым, што 25 сакавіка ён узяў удзел у несанкцыянаваным мітынгу каля кінатэатру «Кастрычнік», хоць Мінгарвыканкам дазволіў там толькі збор удзельнікаў акцыі, а сам мітынг прызначыў у парку Дружбы Народаў.
Сам Шумчанка сцвярджае, што ў мітынгу каля кінатэатру «Кастрычнік» удзелу не браў і нічога не парушаў.
«Гэта ганьба, — заявіў “Радыё Свабода” Шумчанка, каментуючы рашэнне суду. — Проста няма слоў. У судзе нахабна сцвярджалі, што я выступаў на мітынгу, выкрыкваў лозунгі, хоць ніякага відэа, якое б гэта пацвярджала, не было прадстаўлена. Гэта ўсё хлусня. Я проста прыйшоў на мерапрыемства, папярэджанняў ад міліцыі не атрымліваў. Яны (міліцыянты. — рэд.) потым сядзелі і вышуквалі на фотаздымках знаёмыя твары. Яны проста мяне ідэнтыфікавалі і прысудзілі штраф. Але ж так усім можна штраф даць».
Шумчанка заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.