Прэзідэнт Літвы: Пра адмену санкцый, пра легітымізацыю Лукашэнкі не можа быць і гаворкі
Прэзідэнт Літвы правёў аналогію паміж званкамі Лукашэнку і перамовамі з захопнікамі самалёта, піша «Свабода».
«Няўжо згоншчыкам самалёта проста дазваляюць страляць у пасажыраў? Значыць, трэба размаўляць, бо ёсць праблема, якую стварыў Лукашэнка. І без Лукашэнкі яе амаль немагчыма або надзвычай цяжка вырашыць», — сказаў Гітанас Наўседа ў інтэрвію LRT.
«Пра адмену санкцый, пра легітымізацыю спадара Лукашэнкі і ці яго рэжыму не можа быць і гаворкі, — сказаў Наўседа. — Бо выбары 2020 года былі незаконнымі, сфальсіфікаванымі, і іх вынік не можа быць прызнаны».
Наўседа таксама заявіў, што нельга пагаджацца на пропуск часткі мігрантаў у Еўрасаюз. Ён настойвае на тым, што ўсе яны павінны быць вернутыя ў краіны паходжання з Беларусі.
Таксама ён лічыць памылкай магчымае выключэнне «Белавія» з новага санкцыйнага спісу і выступае супраць таго, каб «кантрабандная кампанія» карысталася самалётамі, узятымі ў арэнду ў Еўрасаюзе.