Былы прэзідэнт Польшчы: Вайна нам не пагражае
Экс-прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі гаварыў таксама пра змену стаўлення яго падляшскіх суседзяў да мігрантаў у выніку іх агрэсіўных паводзінаў на мяжы, паведамляе www.polskieradio.pl.
Урад перабольшыў з будаваннем напружанасці, лічыць былы польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі ў размове з газетай Fakt. «Вайны ўсе баяцца. Я лічу, што ўлад залішне пагражаў вайной на самым пачатку. (...) У мяне склалася ўражанне, што ўлад свядома нарошчваў пачуццё пагрозы і тэрору», – ацаніў былы прэзідэнт.
«Мне здаецца, што ўрад усведамляе, што перабольшваў з будаваннем напружанасці, пра што сведчыць нядаўняе інтэрв'ю Яраслава Качыньскага “Польскаму радыё”, у якім ён сказаў, што вайна нам не пагражае. Я цалкам з ім згодны, але я хацеў бы спытаць: навошта было палохаць вайной?» – дадаў экс-прэзідэнт.
Адказваючы на пытанне газеты пра ацэнку дзеянняў вайскоўцаў, паліцыянтаў і памежнікаў, Браніслаў Камароўскі заявіў, што тут адназначная ацэнка немагчыма. Аднак паводле яго, на самым пачатку было зроблена шмат памылак, якія паўплывалі на агульны малюнак Польшчы.
На пытанне, што б ён зрабіў, калі б да дзвярэй яго дома ў вёсцы Буда-Руская на Падляшшы ў 30 кіламетрах ад мяжы прыйшлі мігранты, Браніслаў Камароўскі адказаў: «Хутчэй за ўсё, я б іх напаіў, накарміў і прапанаваў ім ісці далей. Можа, у Нямеччыну».
У размове з газетай Fakt былы прэзідэнт Польшчы таксама гаварыў пра настроі сваіх падляшскіх суседзяў адносна мігрантаў. Паводле яго, спачатку перамагaлa спачуванне. Аднак адносіны змяніліся пасля агрэсіўных дзеянняў маладых мігрантаў, якія спрабавалі сілаў прарваць мяжу. «Людзі тады заўважылі, што гэта не толькі жанчыны і дзеці, але і агрэсіўныя мужчыны, дадаткова экіпіраваныя беларусамі. Потым стаўленне людзей змянілася. Стала менш суперажывання і больш страху і трывогі», – ацаніў былы прэзідэнт Польшчы.