Два платныя — адзін бясплатны. Прыватным медцэнтрам зноў дазволілі рабіць ПЦР-тэсты на каронавірус
Міністэрства аховы здароўя дазволіла прыватным медцэнтрам рабіць платныя тэсты на каронавірус. Але з абмежаваннямі: адзін бясплатны тэст на два платныя.
Прэс-рэліз Міністэрства аховы здароўя поўны незразумелых момантаў, адзначае www.the-village.me, але ўсё ж у ім сказана: «Спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя і МАРГ прапрацавана пытанне заканадаўчага замацавання нормы па аказанні лабараторыямі недзяржаўнай формы ўласнасці платных паслуг насельніцтву па дыягностыцы каронавіруснай інфекцыі».
Цяпер даследаванні метадам палімеразнай ланцуговай рэакцыі (ПЦР) на наяўнасць каронавіруса SARS-CoV-2 змогуць праводзіць (для патрэбаў дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя) установы аховы здароўя недзяржаўнай формы ўласнасці, якія маюць ліцэнзію на аказанне лабараторнай дыягностыкі.
Пры гэтым адзначаецца, што да гранічнага максімальнага тарыфу можна прымяняць павышальны каэфіцыент у памеры да 1,5. Такім чынам, гранічны максімальны тарыф на ПЦР-тэст не павінен перавысіць 79,5 рубля.
І яшчэ неабходна будзе выконваць суадносіны аказання адной такой паслугі дзяржаўным арганізацыям аховы здароўя на бязвыплатнай аснове і дзвюх — на платнай аснове.
У лістападзе беларускія ўлады ўсталявалі гранічны тарыф на ПЦР-тэст у памеры 53 рублёў.
Паводле www.the-village.me