Работнікі, выходзьце з ФПБ!

Хуткі, абсалютна законны (Канюк носа не падточыць) і дзейсны спосаб паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

pob_8851.jpg


Большасць работнікаў Беларусі не адважваецца распачаць забастоўку. Іх можна зразумець: не ва ўсіх ёсць адкладзеныя грошы, каб пражыць на іх два-тры месяцы, пакуль забастоўка пераможа, людзі баяцца згубіць працу, над работнікамі “вісяць" крэдыты і розныя іншыя фінансавыя абавязацельствы.

Аднак калі вы не здольныя паўдзельнічаць у забастоўцы, не варта складваць рукі. Апрача масавых акцый і падпісання рознага кшталту петыцый ёсць яшчэ адзін спосаб паказаць сваю пазіцыю. Гэта выхад з "жоўтых", праўладных прафсаюзаў.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі не абараняе правы працоўных: яна дазволіла ўладам увесці кантрактную сістэму, радыкальна скараціць працоўныя адпачынкі ў 2007 годзе, амаль зусім ліквідаваць права на забастоўку. Старшынствуе ў ФПБ Міхаіл Орда — фактычна, дзяржаўны чыноўнік, які раней (2003-2006) узначальваў БРСМ. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Орда быў даверанай асобай кандыдата Лукашэнкі, а зараз робіць заявы супраць "гвалтоўных дэманстрацый" 9-10 жніўня і супраць забастовак.

Той, хто выходзіць з ФПБ, выказвае сваю нязгоду як з адмовай "жоўтых" прафсаюзаў абараняць правы работнікаў, так і з палітыкай Лукашэнкі на дэмантаж правоў працоўных і сацыяльных гарантый.

За выхад з прафсаюза наймальнік ніяк не можа пакараць работніка. Запалохваць звальненнем могуць колькі заўгодна, але ў рэальнасці такога ніколі не адбудзецца.

Выйсці з ФПБшнага прафсаюза могуць не толькі работнікі, але і студэнты.
Зараз ФПБ пахваляецца, што ў шэрагах праўладных прафсаюзаў больш за чатыры мільёны чалавек. Дык давайце зробім так, каб іх стала мільёны на тры меней!
Тое самае можна сказаць пра БРСМ, "Белую Русь" ды іншыя праўладныя арганізацыі. Рэжым Лукашэнкі масава заганяў школьнікаў і студэнтаў у БРСМ. Маладыя людзі, калі вам не падабаецца, што адбываецца навокал, пішыце заявы на выхад з гэтай арганізацыі!
І, вядома, уступайце ў незалежныя прафсаюзы і па магчымасці стварайце на сваім працоўным месцы іх першасныя арганізацыі. Вось кантакты: praca-by.info.
P.S. Аўтар працаваў у трох розных бюджэтных арганізацыях цягам амаль дзесяці гадоў і заўжды адмаўляўся ўступаць у прафсаюз ФПБ. Ніякіх санкцый з боку наймальніка не было. Тое сама магу сказаць пра БРСМ. У "Белую Русь" уступаць мне не прапаноўвалі.