Рассельгаснагляд правядзе чарговую інспекцыю беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў
Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі (Рассельгаснагляд) з 10 па 14 красавіка сумесна з прадстаўнікамі ветэрынарнай службы Беларусі правядзе інспекцыю беларускіх прадпрыемстваў — вытворцаў прадукцыі жывёльнага паходжання.
Плануецца інспекцыя 10 малочных і мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку пастаўшчыкоў сыравіны, паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляда.
Расійскае ведамства 9 красавіка выказала занепакоенасць "частымі выпадкамі незаконнага ўвозу ў Расію з Рэспублікі Беларусь турэцкіх таматаў з неатэставаных прадпрыемстваў". "Так, за тры месяцы 2018 года спынены ўвоз 23 партый турэцкіх таматаў, якія пастаўляюцца з Рэспублiкi Беларусь з падробленымі фітасанітарными суправаджальнымі дакументамі", — адзначаецца ў рэлізе. Ужо знішчана больш за 450 тон незаконна ўвезеных памідораў.
Як паведамлялася, праблемы з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак паўсталі ў канцы лютага гэтага года. 19—23 сакавіка прадстаўнікі расійскага ведамства праінспектавалі беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Па выніках праверкі Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў датычнасці да ашуканскіх схемаў.
30 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць новыя рынкі збыту. "Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж — сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца", - заявіў Лукашэнка 30 сакавіка. "Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы, таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець", — дадаў ён.
Тады ж кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны, што балансы па пастаўцы малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію пакуль не падпісаныя — бакі працягваюць перамовы.
belapan.com