У Беларусь зноў прыбылі пскоўскія дэсантнікі. Яны бралі ўдзел у анексіі Крыму

На палігоне Берасцейскі сёння адбылася цырымонія адкрыцця сумеснага батальённага тактычнага вучэння беларускіх і расійскіх дэсантнікаў.



000023_b44faea6ed5e4a9e4325826a003ad55a_167153_1.jpg

Як паведамляе БелТА, у чарговым вучэнні задзейнічаны каля 450 вайскоўцаў і да 70 адзінак тэхнікі. Ад беларускага боку ўдзельнічаюць падраздзяленні 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Адначасова Мінабароны Расіі падае іншую лічбу — 600 вайскоўцаў і каля 100 адзінак тэхнікі.

Расію прадстаўляе зводная рота 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі паветрана-дэсантных войскаў, узмоцненая інжынерна-сапёрным аддзяленнем. Усе ўдзельнікі вучэнняў — кадравыя вайскоўцы, якія служаць па кантракце.

Узбраенне і тэхніку прадставіў беларускі бок. Легенда вучэнняў заключаецца ў выяўленні, блакаванні і знішчэнні незаконнага ўзброенага фармавання, якое захапіла і ўтрымлівае важны стратэгічны аб’ект. Вайскоўцы адпрацуюць ліквідацыю ўмоўнага фармавання ў тры этапы.

«У час вучэння праверым зладжанасць падраздзяленняў. Мы павінны ўмець дзейнічаць разам, разумець правільна каманды. Акрамя таго, нам цікавы досвед расійскіх калегаў — сурʼёзны, баявы», — сказаў камандзір 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады гвардыі палкоўнік Дзмітрый Собаль.

Актыўная фаза вучэнняў пройдзе з 10 па 12 красавіка на палігоне Берасцейскі.

Пры гэтым расійскі кантынгент прыбыў у Брэст яшчэ 2 красавіка. Пра мерапрыемствы, якія праводзіліся з ім цягам тыдня, публічнай інфармацыі не было.

***

Пскоўскія дэсантнікі рэгулярна прыязджаюць у Беларусь на вучэнні або для ўдзелу ў парадах.

Расійская 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія — так званыя пскоўскія дэсантнікі — адно з найстарэйшых дэсантных падраздзяленняў у Расіі. Дывізія брала ўдзел у абедзвюх чачэнскіх войнах, у вайне з Грузіяй у жніўні 2008-га, у анексіі Крыму, а таксама ў канфлікце на Данбасе. У жніўні 2014 года Уладзімір Пуцін узнагародзіў дывізію ордэнам Суворава «за паспяховае выкананне баявых заданняў».

belsat.eu