Развітанне з Алесем Ліпаем пройдзе ў суботу ў мінскім храме святога Архангела Міхаіла

Развітацца з Алесем можна будзе з 21.30 да 10.30 раніцы нядзелі.

39974436_304784866768472_4232179800459968512_n_logo.jpg

Развітанне з заснавальнікам БелаПАН Алесем Ліпаем, які раптоўна памёр 23 жніўня на 53-м годзе жыцця, пройдзе ў суботу, 25 жніўня, у храме святога Архангела Міхаіла, размешчанага на скрыжаванні вуліц Шаранговіча і Янкоўскага (мікрараён Сухарава) у Мінску.
Развітацца з Алесем можна будзе з 21.30 да 10.30 раніцы нядзелі.
Затым працэсія адправіцца ў Рудзенск, дзе Алесь Ліпай будзе пахаваны побач са сваёй маці і сястрой, паведамляе БелаПАН.
Алесь Ліпай — заснавальнік і ўладальнік агенцтва БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазэты «Лірнік». Скончыў журфак БДУ. У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі, некалькі гадоў працаваў у газеце «Знамя юнацтва». У 1996-1998 гадах быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай асацыяцыі журналістаў.
У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага — «За мужнасць і прафесіяналізм», а ў 2006-м агенцтва і яго інтэрнэт-выданне Naviny.by атрымалі «Прэмію Рунэта» сярод сайтаў па-за даменнай зоны RU.
У чэрвені 2018 г. была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Ліпая. Яго абвінавачвалі ў наўмысным ухіленні ад выплаты падаткаў. Хаця Ліпай не толькі задэклараваў даходы, але і цалкам сплаціў ўсю суму налічаных падаткаў і пені. Нягледзячы на ​​гэта, справа была ўзбуджаная, у Ліпая быў зроблены вобыск і накладзены арышт на яго маёмасць, а таксама вынесена пастанова аб прымяненні ў дачыненні да яго працэсуальнага прымусу ў выглядзе абмежавання на выезд з Беларусі.
Рэдакцыя «Новага часу» смуткуе з нагоды смерці нашага калегі і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алеся Ліпая.