Рэктара МIУ выклiкалi ў пракуратуру за студэнцкi страйк
У пятніцу, 15 лістапада, рэктара Мінскага інавацыйнага універсітэта, дзе страйкавалі студэнты, выклікалі ў пракуратуру. Мікалаю Сушы ўручылі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Супрацоўнікі пракуратуры, распавядае Мікалай Суша, хацелі з першых вуснаў даведацца, што адбываецца ў ВНУ.
— Акрамя мяне ў пракуратуру выклікалі начальніка аддзела па выхаваўчай рабоце, а таксама студэнтку, якая з'яўляецца сакратаром БРСМ універсітэта, — кажа рэктар. — Сустрэча прайшла вельмі культурна і паважліва. Мне сказалі, што пракуратура запатрабавала усе дакументы па нашай акрэдытацыі. Цяпер спецыялісты будуць іх вывучаць.
На сустрэчы кіраўніку МIУ ўручылі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У дакуменце сказана: у арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства ў будынку МIУ пракуратура горада Мінска выявіла парушэнні патрабаванняў Закона «Аб масавых мерапрыемствах». Масавыя мерапрыемствы, напісана ў папярэджанні, могуць праводзіцца толькі з дазволу Мінгарвыканкама. Устаноўлена: такога дазволу ў ВНУ не было. Акрамя таго, па дадзеных пракуратуры, падчас «пікетавання» Мікалай Суша не толькі не прыняў «мер да спынення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, але і з'яўляўся яго удзельнікам».
Рэктара папярэдзілі: калі «аналагічныя парушэнні паўтарацца», кіраўніка ВНУ могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Нагадаем, у панядзелак, 11 лістапада, студэнты МIУ выйшлі на страйк. Прычына пратэсту — жаданне адстаяць сваю ВНУ, якой не працягнулі акрэдытацыю па некаторых спецыяльнасцях. Мерапрыемства, казалі і рэктар, і студэнты, насіла выключна мірны характар. Выходзіць на вуліцы і парушаць грамадскі парадак актывісты не збіраліся.
Па словах рэктара ВНУ Мікалая Сушы, раз у пяць гадоў усе навучальныя ўстановы краіны праходзяць акрэдытацыю. За 28 гадоў свайго існавання МIУ праходзіў мноства акрэдытацый і атэстацый, і заўсёды ўсё было добра. Што здарылася ў гэты раз, Мікалай Суша не ведае. Паводле яго слоў, у пачатку лістапада універсітэт атрымаў ліст з Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. У дакуменце напісана, што навучальнай установе не працягваюць акрэдытацыю па пяці спецыяльнасцях. У выніку за 1600 студэнтаў могуць застацца без дыплома дзяржузора. Рэктар упэўнены: усе парушэнні, якія былі выяўлены падчас праверкі, нягрубыя і папраўныя. У адказ на рашэнне камісіі кіраўніцтва МIУ падало апеляцыю.
Сітуацыю 6 лістапада пракаментаваў і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён падкрэсліў, што студэнтам не варта хвалявацца. У адпаведнасці з заканадаўствам па рашэнні Міністэрства адукацыі яны змогуць працягнуць навучанне ў іншых ВНУ па сваіх спецыяльнасцях з наступнай выдачай дыплома дзяржаўнага ўзору. Кіраўніцтву МIУ міністр парэкамендаваў «паглыбіцца ў сутнасць рэкамендацый камісіі, ліквідаваць выяўленыя недахопы і арганізаваць адукацыйны працэс у адпаведнасці з нормамі заканадаўства».
tut.by