Рэпрэсаваны беларускі езуіт складзе апошнія вечныя манаскія абяцанні
«Гэта значыць, што Таварыства Езуса мяне канчаткова прымае ў свае шэрагі пасля доўгага перыяду фармацыі і выпрабаванняў» — паведаміў айцец Віктар Жук
А. Віктар Жук, які служыць у касцёле св. Ігнацыя ў Віцебску, паведамляе, што ў нядзелю, 10 ліпеня, прынясе ўрачыстыя манаскія абяцанні ў Таварыстве Езуса.
Нагадаем, што а. Віктара затрымлівалі ў снежні 2020 г. за малітву пад бел-чырвона-белым сцягам у Віцебску. Тады святару было вынесена папярэджанне. На паседжанні прысутнічаў біскуп Алег Буткевіч, кс. Вячаслаў Барок і іншыя святары і вернікі.
Цікава, што праз поўгады, за дзень да афіцыйнага дня завяршэння будаўніцтва храма ў Віцебску ў якім служыць а. Жук, «невядомыя асобы праніклі ў будынак касцёла, паабразалі і скралі правады электраправодкі і акустычнай сістэмы». Пасля гэтага выпадку езуітам прыйшлося ізноў пракладаць электраправодку і правады акустычнай сістэмы святыні.
Таксама ў адным з допісаў езуіт прыгадваў, што піша лісты палітвязням.
Святар заахвочваў маліцца за іх і таксама пісаць — паведамляе Хрысціянская Візія.