Рух «За Свабоду» падрыхтуе прамоўтараў брэнду Беларусі
25 маладых беларусаў і беларусак стануць удзельнікамі чарговай Летняй Школы Руху «За Свабоду», якая арганізуецца сёлета 22-29 жніўня на Віленшчыне. Курс прысвечаны нацыянальнаму брэнду Беларусі.
Алесь Лагвінец
«Гэта пятая па ліку Школа, якую штогод ладзіць Рух, — кажа яе дырэктар Алесь Лагвінец, намеснік старшыні Руху. — Першая была праведзеная ў ліпені 2011
году ў Варшаве, другая —у Вільні, трэцяя — на Беласточчыне, чацвёртая — пад Трокамі».
Кожны год мяняецца тэматыка навучання. Сёлета яна гучыць так — «Нацыянальны брэнд Беларусі». Мэта — абмеркаваць складнікі брэнда Беларусі, выпрацаваць шляхі
фармавання пазітыўнага вобразу Беларусі сярод замежнікаў, прааналізаваць прыклады выкарыстання нацыянальных адметнасцяў як паспяховых маркетынгавых крокаў.
Выкладчыкамі і гасцямі Школы стануць вядомыя беларускія эксперты і грамадскія дзеячы – Уладзімір Арлоў, Сяргей Чалы, Аляксандр Класкоўскі, Сяргей Скараход, Андрэй Лянкевіч,
Франак Вячорка, Алесь Аляхновіч, Рыгор Астапеня, Андрэй Стрыжак, Валярына Кустава ды іншыя.
Тэмы лекцый — «Soft power, публічная дыпламатыя і брэндынг», «Нішы для развіцця эканомікі Беларусі», «Гібрыдныя кампаніі і прыёмы працы ў
сацыяльных сетках па прамоцыі беларушчыны», «На чым варта будаваць інівестыцыйны брэнд Беларусі?», «Рэкламныя і брэндынгавыя кампаніі ў Беларусі»,
«Творчы чалавек як брэнд краіны», «Беларусь: перспектывы развіцця», «Беларусы вачыма сацыялогі і статыстыкі».
Моладзь зможа спалучыць адпачынак і навучанне, адзначыў Алесь Лагвінец, паабяцаўшы насычаную праграму. Напрыклад, слухачоў Школы чакае візіт у мэрыю Трокаў, а ў Вільні —
экскурсія ў музей ахвяраў сталінізму і па беларускіх мясцінах літоўскай сталіцы.
Удзел у адборы магла ўзяць моладзь ва ўзросце 18-30 год. Конкурс у гэтым годзе склаў 3,2 чалавека на месца. Сярэдні ўзрост тых, хто браў удзел у ім, — 22,5 года. З іх дзяўчат —
57%, хлопцаў — 43%.
Самымі актыўнымі былі жыхары і жыхаркі Мінска — гэта 42% ад тых, хто спаборнічаў, каб стаць слухачом Летняй Школы Руху. Далей ідзе Мінская вобласць — 15%, Магілёўская
— 13%, Віцебская — 10%, Гродзенская — 9%, Гомельшчына — 6%, Брэстчына — 5%. Заяўкі на навучанне былі пададзеныя з больш як 15 гарадоў. Гэта
— сталіца, абласныя цэнтры, Дрыбін, Барысаў, Жодзіна, Бабруйск, Наваполацк, Маладзечна, Кобрын, Крычаў…
Паводле прэс-рэлізу Руху за Свабоду