Сацыялогія: партрэт і аўтапартрэт беларусаў у 2010 годзе
4 лютага ад імя Аналітычнага цэнтра “Стратэгія, Навукова-даследчага цэнтра Мізеса і Нацыянальнага камітэта Аб’яднаных дэмакратычных сіл вядомы эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук прадставіў вынікі даследавання “Партрэт грамадзянскай супольнасці. Каштоўнасці беларусаў. (На здымку: Яраслаў Раманчук і Андрэй Вардамацкі. Радыё Свабода)
4 лютага ад імя Аналітычнага цэнтра “Стратэгія, Навукова-даследчага цэнтра Мізеса і Нацыянальнага камітэта Аб’яднаных дэмакратычных сіл вядомы эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук прадставіў вынікі даследавання “Партрэт грамадзянскай супольнасці. Каштоўнасці беларусаў.
(На здымку: Яраслаў Раманчук і Андрэй Вардамацкі. Радыё Свабода)
Даследаванне насіла сацыялагічны характар, але мела пад сабой і відавочны палітычны падтэкст: каштоўнасныя арыенціры грамадства прыцягваюць тым больш увагі, чым бліжэй вялікія палітычныя кампаніі. У
выніку, у снежні 2009 — студзені 2010 года паводле ідэі, сфармуляванай цэнтрам Мізеса і яго калегамі з Цэнтра вывучэння Усходняй Еўропы ў Літве, увасобленай у форму анкеты для сацыялагічнага
апытання лабараторыяй НОВАК Андрэя Вардамацкага, беларускім грамадзянам было прапанавана 31 пытанне. Рэпрэзентатыўную выбарку прадставілі 1152 рэспандэнты, адказы якіх дазваляюць уявіць асаблівасці
грамадзянскай супольнасці нашай краіны, а таксама ацаніць, як суайчыннікі ставяцца да базавых каштоўнасцяў (да іх даследчыкі аднеслі свабоду, справядлівасць, роўнасць і памяркоўнасць, якую разглядалі
як адну з вызначальных рысаў нацыянальнага характару). Даследавалася і вызначэнне беларусамі “еўрапейскіх каштоўнасцяў.
Утылітарная мэта праекта была адкрыта дэкларавана арганізатарамі як даследаванне характарыстык грамадзянскай супольнасці дзеля самой грамадзянскай супольнасці: каб пераказаць атрыманыя вынікі для
скарыстання яе актывістамі, а таксама палітычнымі партыямі. “Наперадзе і мясцовыя, і прэзідэнцкія выбары, і мы хацелі б, каб палітычныя актывісты не натыкаліся на перашкоды ў сваёй
грамадска-палітычнай дзейнасці.
Асноўная выснова — “кожны народ заслугоўвае ўрад, які ў яго ёсць: апытанне прадэманстравала наяўнасць і праўладнага электарату, і патэнцыялу еўрапейскіх сілаў, сапраўднай
грамадзянскай супольнасці.
Пры гэтым па-еўрапейскі арыентаваных грамадзян выявілася больш, чым аднесеных даследчыкамі да тыпу Belaruso Sovetiсus. Увёўшы аўтарскую суб’ектыўную сацыяльную класіфікацыю, даследчыкі
падзялілі насельніцтва Беларусі на тры архетыпы: “савецкі беларус, “еўрапеец і “пафігіст-містык. І пры ўсёй своеасаблівасці падзелу, сацыёлагі
паспрабавалі ацаніць патэнцыял гэтых груп з пункту гледжання ўдзелу іх прадстаўнікоў у разнастайных праектах і ініцыятывах развіцця гэтай самай грамадзянскай супольнасці. Калі вымяраць колькасць
насельніцтва краіны ва ўмоўна актыўным узросце ад 18 да 70 гадоў прыкладна ў 6,22 мільёна чалавек, паводле апытання каля 1,5 мільёна хацелі б далучыцца да разнастайных ініцыятыў. Пры гэтым
аўтапартрэт рэспандэнтаў выглядае досыць крытычна: 40,9% адзначаюць недахоп у беларусаў ініцыятыўнасці, 39,2% — смеласці, 26,9% — інавацыйнасці.
Як жа выглядаюць вылучаныя даследчыкамі групы?
Да першага тыпу “савецкага беларуса належаць 38,6%, або 2,4 мільёна чалавек. Гэтыя лічбы вынікаюць з сярэдняга працэнта станоўчых ці пераважна станоўчых адказаў на
шэраг знакавых пытанняў. Так, “савецкія беларусы разглядаюць грамадзянскую супольнасць як працяг і параджэнне дзяржавы (45,6%). Яны не бачаць розніцы паміж структурамі
таталітарнага грамадства — КПСС, камсамолам (25,8%) ці БРСМ сёння (41,2%) і сапраўднымі грамадскімі арганізацыямі. Вітаюць і ўдзельнічаюць толькі ў пачынаннях, арганізаваных дзяржавай, і
дастаткова пасіўна. А да самадзейнай актыўнасці, а тым болей падтрыманай замежнымі інвестарамі, ставяцца насцярожана (42,3%). Мяркуюць, што грамадзяне ЕС бяруць удзел у дзейнасці недзяржаўных
арганізацый сваіх краін выключна за грошы (48,5%). Аўтары апытання збліжаюць групу “савецкіх беларусаў з тымі людзьмі, якія дэкларавалі, што за апошнія 10 гадоў не ўдзельнічалі ні
ў якіх праектах грамадзянскай супольнасці. Такіх налічваецца 3,77 мільёна. У значнай ступені група супадае з 56,7% апытаных, якія лічаць Беларусь безумоўна ці “ў асноўным свабоднай
краінай.
“Мяркую, што ў гэтай групе пераважна лакалізуецца сталы электарат А. Лукашэнкі, і яе памер карэлюецца з вынікамі падобных даследаванняў Інстытута Гэлапа і НІСЭПД, —
адзначыў Раманчук.
Да “еўрапейскага тыпу даследчыкі далучаюць 41,9% або 2,6 мільёна беларусаў. Апошнія зусім адрозна адказваюць на пытанні наконт свабод, дэмакратыі і сутнасці
грамадзянскай супольнасці. Пры іх лічбавай перавазе над “савецкімі беларусамі засмучае, заўважыў Раманчук, іх значна большая, чым у краінах ЕС, пасіўнасць у адстойванні сваёй
пазіцыі. Тым не менш, беларускія “еўрапейцы мяркуюць, што грамадзяне самастойна аб’ядноўваюцца, каб рабіць тое, што для іх істотна і цікава, па закліку сумлення, а не за
грошы (49,3%), і што грамадзянская супольнасць — гэта добра або вельмі добра (58,4%). “Еўрапейцы разумеюць і прычыны неразвітасці структур незалежнага грамадства
— наяўнасць у краіне аўтарытарнага рэжыму (23,1%), працу “вертыкалі выключна на сябе (36,2%) і блакаванне ўладай развіцця грамадзянскай супольнасці (33,4%). І, адпаведна,
Беларусь успрымаецца як несвабодная або не зусім свабодная краіна (31,2%).
Апытанне выкрыла як асноўныя прычыны недахопу актыўнасці людзей у грамадзянскіх ініцыятывах (лідзіруюць боязь рэпрэсій — 51,8%, недахоп інфармацыі — 71,5%), так і даволі значны
патэнцыял іх прыцягнення туды. І калі ў нейтральнай сферы аказання гуманітарнай дапамогі цягам апошніх 10 год адзначыліся прыкладна столькі ж беларусаў, колькі хацела б далучацца да яе ў бліжэйшыя 2
гады (13,9% і 15,7%, патэнцыял росту 122 тысячы асоб), то ў знакавых для станаўлення дэмакратыі абароне правоў чалавека (2,5% і 10,9%) і абароне свабоды слова (1,5% і 8,5%) прыток актывістаў можа
скласці адпаведна 522 і 435 тысяч чалавек. Прывабнымі накірункамі актыўнасці для беларусаў выглядаюць, паводле патэнцыялу росту, вырашэнне экалагічных праблем (597 тысяч), абарона інтарэсаў жанчын
(510 тысяч), падтрымка нацыянальнай мовы і культуры (317 тысяч).
Пры гэтым для патэнцыйна гатовых працаваць у недзяржаўнай сферы, зазначыў Раманчук, існуе задача “пашырэння іх разумення грамадзянскай супольнасці і вываду на новы этап, паколькі
гатовых падтрымаць будаўніцтва храма (52,4%) ці клапаціцца пра жывёл (33,2%) значна болей, чым заклапочаных рэпрэсаванымі (13,3%) — спецыфічны беларускі гуманізм.
Нарэшце, трэці тып, названы даследчыкамі “пафігістамі-містыкамі, аб’ядноўвае асоб, аднолькава скептычных да ўладаў і грамадзянскай
супольнасці, і складае 19,4%, або 1,4 мільёна чалавек. Гэта прадстаўнікі светаўспрыняцця “мая хата з краю, якія не жадаюць удзельнічаць ні ў якой грамадзянскай актыўнасці (35,2%),
перакананы ў панаванні грошай як матыву дзеяння (25,7%) і немагчымасці праз незалежныя дзеянні нешта змяніць (34,2%). Для іх характэрна і нежаданне фармаваць акрэсленую ўласную пазіцыю.
Нягледзячы на сумарную перавагу 1 і 3 тыпу (3,8 мільёна), аўтары даследавання адзначаюць, паводле выказаных рэспандэнтамі пажаданняў, значны патэнцыял росту грамадзянскай супольнасці ў бліжэйшыя гады
пры спрыяльных абставінах — да 4 мільёнаў. Гэтымі абставінамі могуць быць як пісьменная праца дзейсных удзельнікаў грамадзянскіх рухаў і партый, якія павінны звярнуцца да патэнцыйных
паплечнікаў на даходлівай мове, так і пагаршэнне ўмоў жыцця ў краіне. Апошняе можа абудзіць і безумоўных саюзнікаў дэмакратычных сіл, беларусаў “еўрапейскага тыпу, сярод якіх, на
жаль, пакуль таксама дамінуе пасіўны падыход. Тым не менш, 41,9% электарату, які магчыма аб’яднаць пры ўмове выпрацоўкі адзінай кансалідаванай дэмакратычнай платформы, збудаванай на
еўрапейскіх каштоўнасцях, перад прэзідэнцкімі выбарамі, гэта значна больш тых 25%, пра якія звычайна кажуць сёння дэмакратычныя сілы. Галоўнае — размаўляць з беларусамі на іх мове,
закранаючы пытанні, якія іх хвалююць, найперш сацыяльна-эканамічнага плану. Пры гэтым магчымасць прыцягнення новых прыхільнікаў праз працу ў грамадзянскіх арганізацыях, а не партыях, вышэйшы, лічыць
Раманчук. Аднак і партыйныя дэмакратычныя прыхільнасці гатовыя дзяліць да 25% апытаных, што складае для Беларусі каля 1,5 мільёна выбарцаў, і пацвярджае: пры ўмове выпрацоўкі яснай і зразумелай
праграмы адзінага дэмакратычнага кандыдата збор 100–200 тысяч подпісаў за яго вылучэнне на старце выбарчай кампаніі не складзе праблемы.
Цікава, што еўрапейскія каштоўнасці па-еўрапейску вызначылі ўвогуле большасць рэспандэнтаў — 71,9%: “правы чалавека, вяршэнства закону, свабодныя выбары, развітая грамадзянская
супольнасць, адказная перад народам улада і рынкавая эканоміка. А беларуская “памяркоўнасць часцей успрымалася не як “здольнасць доўга цярпець
несправядлівасць (34,1%), а як імкненне “рацыянальна ацаніць сітуацыю і выбраць аптымальны варыянт (71,3%). Ёсць нагода для аптымізму.
Цалкам з вынікамі апытання можна азнаёміцца на сайце www.liberty-belarus.info