Сацук: Ад высновы, што гэта былі выпрабаванні на дзецях, не адмаўляюся

Сяргей Сацук перакананы, што ў выпадку з'яўлення вакцыны «Эўпента» ў Беларусі, размова можа ісці «пра маштабную карупцыю», паведамляе «Еўрарадыё».



sac1.jpg

Журналісцкае расследаванне ў інтэрнэт-газеце “Ежедневник” пра тое, як у Беларусь трапіла паўднёвакарэйская вакцына “Эўпента”, і падазрэнні аўтара расследавання наконт выкарыстання беларускіх дзяцей у якасці “палігона для выпрабаванняў” замежнай вакцыны, нарабіла шмат шуму.

Прычынай жа для такіх падазрэнняў аўтара расследавання сталі сумневы ў законнасці набыцця гэтай прышчэпкі. І тое, як Міністэрства аховы здароўя праводзіла тэндар на набыццё неабходнай вакцыны.

З моманту публікацыі расследавання прайшоў тыдзень. За гэты час наконт “Эўпенты”, вакцынацыі і падазрэння ў клінічных выпрабаваннях прэпарата выказаліся і чыноўнікі Мінздрава, і дактары, але Сяргей Сацук ад сваіх першапачатковых высноў не адмаўляецца.

“Я не бачу ніякіх іншых прычын, для чаго яшчэ гэтую вакцыну трэба было завозіць у Беларусь. Тым больш — па такім рэкордна нізкім кошце. Такіх коштаў няма! Яны заплацілі за 200 тысяч доз 260 тысяч долараў. Няма ў свеце вакцыны з такім коштам! Самая танная вакцына, расійская АКДС, каштуе мінімум 5 долараў за дозу. Такі нізкі кошт вакцыны (1.3 долара за дозу “Эўпенты” — Еўрарадыё) азначае, што на нейкіх этапах стварэння вакцыны, клінічных выпрабаваннях ці яшчэ што, на нечым зэканомілі. Тая ж рэгістрацыя гэтай вакцыны ў Беларусі абышлася б прыблізна ў 50 тысяч долараў. Клінічныя выпрабаванні, рэгістрацыя ў сваёй краіне — усё гэта каштуе дзясяткі мільёнаў долараў. Якія закладаюцца ў канчатковы кошт вакцыны. Таму французская вакцына, да прыкладу, каштуе ад 20 долараў за дозу. А тут — 1.3 долара! Не можа вакцына, якая прайшла ўсе клінічныя выпрабаванні і рэгістрацыі, каштаваць столькі”, — перакананы Сяргей Сацук.

На думку журналіста-расследавальніка, пагадзіўшыся на правядзенне такіх “міжнародных выпрабаванняў новай карэйскай вакцыны”, Беларусь спрыяе выхаду карэйскай вакцыны на міжнародны фармацэўтычны рынак.

“Паводле міжнародных патрабаванняў, калі выпрабаванні праведзеныя і пацверджаныя ў краіне, дзе жорсткае рэгуляванне фармацэўтычнага рынку, а Беларусь менавіта такая краіна, то не патрабуецца правядзення дадатковых выпрабаванняў у іншай краіне. Такім чынам, карэйцы могуць зарэгістраваць гэтую вакцыну ў Беларусі, а потым падавацца на рэгістрацыю ў іншых краінах. А як мы ведаем са слоў прадстаўнікоў Мінздароўя, карэйцы завяршылі падрыхтоўку дакументаў і зараз будуць падаваць на рэгістрацыю “Эўпенты” ў нашай краіне”, — кажа рэдактар “Ежедневника”.

Па словах суразмоўцы “Еўрарадыё”, асабіста ён назваў бы такія дзеянні Мінздароўя генацыдам. Сяргей Сацук перакананы, што ў дадзеным выпадку размова можа ісці “пра маштабную карупцыю, якія “крышуецца” вельмі сур’ёзнымі людзьмі і вялікі зоркамі на пагонах”.

 euroradio.fm