Салігорск. Петрыкаў. Наваполацк. Астравец

Салігорск Кіраўніцтва РУП «Беларуськалій» рэкамендуе шахцёрам браць адпачынкі «ў сувязі з часовым прастоем прадпрыемства». Пра гэта паведаміў старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў (НПГ) Іван Пярмінаў.

Салігорск Кіраўніцтва РУП «Беларуськалій» рэкамендуе шахцёрам браць адпачынкі «ў сувязі з часовым прастоем прадпрыемства». Пра гэта паведаміў старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў (НПГ) Іван Пярмінаў.

Паводле яго слоў, на час адпачынку за работнікам захоўваюцца дзве трэці тарыфнай стаўкі, а працягласць адпачынку залежыць ад вытворчых абавязкаў. Цяпер з чатырох рудаўпраўленняў працуе толькі адно, адпаведна, незадзейнічаным шахцёрам цяжэй забяспечыць працу. Пры гэтым, зазначыў старшыня НПГ, «ніхто не прымушае шахцёраў ісці ў адпачынак насуперак іх жаданню», і скаргаў з боку работнікаў не назіраецца. Як паведаміў І. Пярмінаў, у такой сітуацыі НПГ выступіў з ініцыятывай сабраць савет Беларускага незалежнага прафсаюза. Сход адбудзецца 15 студзеня ў Мінску. Падчас яго плануецца выпрацаваць агульную пазіцыю незалежнага прафсаюза, у тым ліку адносна сітуацыі на РУП «Беларуськалій». У адміністрацыі прадпрыемства інфармацыю аб тым, што шахцёрам прапануюць браць адпачынкі, не каментуюць.
Петрыкаў
У Петрыкаўскім раёне рашэннем мясцовага райвыканкама за асобамі, якія абавязаны кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, замацавалі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і службаў. Як паведамілі ў камісіі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама, гэтае рашэнне прынята для правядзення ў непаспяховых сем’ях індывідуальнай выхаваўчай работы. Па вопыце работы Лоеўскага і Кармянскага раёнаў былі замацаваныя групы адказных — педагогаў, дэпутатаў, медыцынскіх работнікаў — за сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Паводле інфармацыі камісіі па справах непаўналетніх, у раёне жывуць 75 так званых «абавязаных асоб», ці нядбайных бацькоў. Кіраўнікі прадпрыемстваў павінны садзейнічаць сацыялізацыі гэтых непаспяховых сем’яў, кампенсаванню расходаў на ўтрыманне дзяцей.
Наваполацк
Грамадскасць Наваполацка занепакоена будаўніцтвам аўта­заправачнай газавай станцыі паблізу ракі Заходняя Дзвіна. Як паведаміў актывіст экалагічнага таварыства грамадскіх арганізацый «Зялёная сетка» ў Наваполацку Дзмітрый Воськін, 12 студзеня група экалагічных актывістаў горада накіравала запыты адносна правамоцнасці гэтага будаўніцтва начальніку Наваполацкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміру Куксёнку і старшыні Наваполацкага гарвыканкама Наталлі Качанавай. Паводле слоў Д. Воськіна, будаўніцтва АЗС пачалося з дазволу выканаўчага камітэта Наваполацка ў кастрычніку 2008 года. Цяпер на беразе Заходняй Дзвіны, паведаміў ён, яшчэ толькі «выкапана і агароджана яміна». Як зазначаюць эколагі, гэтая яміна знаходзіцца на адлегласці прыблізна 130 метраў ад ракі, хаця водаахоўная зона, у адпаведнасці з заканадаўствам, павінна складаць не менш чым 200 метраў. Як лічаць прадстаўнікі «Зялёнай сеткі», такая блізкасць АЗС да Заходняй Дзвіны ўяўляе рэальную пагрозу хімічнага забруджвання вады ў рацэ. На іх думку, размяшчэнне АЗС таксама пагражае здароўю людзей: якраз насупраць знаходзіцца гарадскі пляж, а побач з ёю, на адлегласці прыкладна 15 метраў — прыпынак грамадскага транспарту. Паводле слоў Д. Воськіна, АЗС будуецца каля ажыўленага месца — прамысловага раёна з вялікай колькасцю крамаў.
Астравец
Улады не задаволілі заяўкі ўдзельнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Астравецкая АЭС — гэта злачынства» на правядзенне пікетаў у Смаргоні, Маладзечне і Вілейцы, паведаміў вілейскі дэмакратычны актывіст Аляксей Сюдак. Паводле яго слоў, у Маладзечне ўлады адмовілі ў сувязі з «непацверджаным грамадзянствам арганізатараў», у Смаргоні дзяржслужачыя матывавалі адмову тым, што «ўказ прэзідэнта аб будаўніцтве АЭС яшчэ не падпісаны», а ў Вілейцы райвыканкам спаслаўся на выбар заяўнікамі месца пікета, якое не ўваходзіць у пералік, вызначаны мясцовымі чыноўнікамі. Паводле слоў актывіста, правесці пікеты планавалася 10–17 студзеня. Апрача таго, як зазначыў Сюдак, супраць актывістаў ініцыятыўнай групы «Астравецкая АЭС — гэта злачынства» арганізаваны правакацыі. Паводле яго слоў, у ноч з 8 на 9 студзеня ў Астравецкім і Смаргонскім раёнах невядомыя раскідалі ўлёткі ад імя грамадскіх актывістаў — жыхара вёскі Варняны Астравецкага раёна Івана Крука, жыхара Астраўца Мікалая Уласевіча, а таксама сябра сойму Партыі БНФ Алеся Дзергачова, які жыве ў Смаргоні. «Абедзве ўлёткі з’яўляюцца фальшыўкамі, мэта якіх — кампраметацыя ініцыятывы і яе актывістаў», — падкрэсліў Сюдак. Паводле яго слоў, у сваёй заяве да пракурора Астравецкага раёна патрабуецца распачаць крымінальную справу супраць асоб, якія выдалі і распаўсюдзілі фальшывую інфармацыю ад імя грамадскіх актывістаў. Як паведаміў Сюдак, прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы запланавалі паўторную падачу заявак на пікетаванне. У выпадку адмовы грамадскія актывісты маюць намер звярнуцца ў суд і ў Савет Еўропы.

Паводле БелаПАН