Салідарнасць як масавая зброя? КДК патлумачыў, чаму заблакавалі MolaMola

Ліст з тлумачэннямі прычын блакіроўкі платформы MolaMola атрымаў ад Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю яе сузаснавальнік Антон Матолька. Пра гэта актывіст напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Антон Матолька, фота tut.by

Антон Матолька, фота tut.by


Паводле Матолькі, Дэпартамент фінансавага маніторынгу КДК паведамляе, што рахункі "Хайв Проджэкт" (праекты Ulej, MolaMola) "прыпыненыя ў адпаведнасці з артыкулам 11 закона 165-3: аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння".

Варта адзначыць, што ў арт. 11 закона гаворыцца аб кампетэнцыі органа фінансавага маніторынгу і аб тым, якія меры ён можа прымаць: выносіць пастанову аб прыпыненні фінансавых аперацый пры наяўнасці дастатковых падстаў, якія сведчаць аб тым, што фінансавыя аперацыі звязаныя з атрыманнем і (або) легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці, фінансаваннем распаўсюджвання зброі масавага паражэння, а таксама пастанова аб замарожванні сродкаў і (або) блакаванні фінансавых аперацый, калі адпаведныя меры не прынятыя асобай, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі.
Пры гэтым, прыпыненне фінансавай аперацыі не з'яўляецца падставай для ўзнікнення адказнасці органа фінансавага маніторынгу і яго работнікаў за страты і маральную шкоду, прычыненыя ў выніку такога дзеяння.
Антон Матолька адзначае ў фэйсбуку, што ў сувязі з блакаваннем рахункаў яны не могуць разлічыцца за выкананую працу з праграмістамі і падрадчыкамі, заплаціць зарплату супрацоўнікам і аплаціць арэнду офіса.
******
Сервіс MolaMola быў запушчаны 27 сакавіка 2019 года. Гэта фандрайзінгавая платформа, адкрытая з дапамогай краудфандынгавай платформы Ulej.by, чыім фінансава-тэхналагічным партнёрам з'яўляўся «Белгазпрамбанк». Заснавальнікам Ulej.by з'яўляецца Эдуард Бабарыка.
Днём 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка», які каля 20 гадоў узначальваў Віктар Бабарыка, Камітэт дзяржкантролю правёў ператрусы, а вечарам таго ж дня праца сайта MolaMola была заблакаваная банкам.
За час існавання платформы ў Беларусі да яе далучылася больш за 60 000 аднадумцаў. Найбольш паспяховымі яе кампаніямі сталі зборы сродкаў на дапамогу ў аплаце штрафаў удзельнікам акцый супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, а таксама на дапамогу медыкам у час пандэміі каронавіруса.
Напачатку ліпеня пляцоўка MolaMola пачала працу ва Украіне.