Сам не служыў, але ўхваляю. Афіцыёзныя ідэолагі пра «закон аб адтэрміноўцы»

28 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў папраўкі ў заканадаўства, якія вызначаюць новы парадак давання адтэрміновак ад службы ў войску. «Свабода» высвятляла, хто з праўладных ідэолагаў адслужыў у войску і што яны думаюць пра новаўвядзенні.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Законапраект прадугледжвае, сярод іншага, што адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз. Тым жа, хто ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу і ня возьмуць іх на дзяржслужбу.

 

Пятроўскі: Спачатку трэба адслужыць у войску, а потым паступаць вучыцца

Эксперт аналітычнага цэнтру праўладнай арганізацыі «Белая Русь» Пётра Пятроўскі скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Гісторыя, сацыяльна-палітычныя дысцыпліны». Сам ён у войску не служыў, але выступае за тое, што малады чалавек павінен спачатку адслужыць, а потым атрымліваць адукацыю.

 

Пётра Пятроўскі

Пётра Пятроўскі

«Тое, што маладыя людзі спачатку пройдуць тэрміновую службу ў арміі, а потым ужо стануць студэнтамі, паслужыць больш сталаму стаўленню да выбару прафесіі, больш сур’ёзным адносінам да вучобы. Не адслужыў — не маеш права паступаць у ВНУ», — кажа ён.

Пятроўскі сцвярджае, што сёння існуе «праблема інфантыльнасці маладога пакалення ў плане сацыяльных стасункаў, адказнасці, выбару спецыяльнасці».

«Служба ніякім чынам не „прытупляе“ здольнасці, не паўплывае на якасць адукацыі», — кажа Пятроўскі.

Ён прывёў у прыклад свайго бацьку, які спачатку адслужыў, а потым паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашнюю Акадэмію мастацтваў).

Папраўкі ў Закон аб адтэрміноўках суразмоўца цалкам падтрымлівае. Ён таксама выступае за вяртанне нарматываў ГТО (нормы фізічнай падрыхтоўкі ў часы СССР. — РС) і медычнай падрыхтоўкі для дзяўчат-студэнтак.

 

Шпакоўскі: «Закон павінен быць дапрацаваны»

На думку праўладнага публіцыста Аляксандра Шпакоўскага, меркаванне міністра абароны Андрэя Раўкова, што войска сутыкаецца з дэмаграфічным крызісам і праблемай камплектавання асабовага складу, — слушнае. Але захады, якія робіць дзяржава, на яго погляд, недастатковыя: патрабуюцца льготы для тых, хто адслужыў, а таленавітая моладзь можа адслужыць у рэзерве, мяркуе спадар Шпакоўскі.

 

Аляксандр Шпакоўскі

Аляксандр Шпакоўскі

 «Дзяржава не павінна дзейнічаць выключна прымусам. У законапраекце трэба прадугледжваць ільготы для тых хлопцаў, якія сапраўды аддалі свой абавязак Радзіме, а не ўхіліліся ад службы ў войску. Гэтага ў дакуменце не хапае, і гэта павінна быць дапрацавана», — кажа Шпакоўскі.

Што да толькі адной адтэрміноўкі ад прызыву для працягу адукацыі, Шпакоўскі лічыць, што да кожнага чалавека трэба падыходзіць выбарачна.

«Ёсць такая практыка, як служба ў рэзерве. Калі чалавек паступае ў магістратуру ці аспірантуру, ён можа выкарыстаць гэты варыянт. Не абавязкова ўсіх забіраць на тэрміновую службу. Ёсць іншыя мадэлі, напрыклад, нейтральнай Швейцарыі. Мне здаецца, закон павінен быць дапрацаваны», — перакананы публіцыст.

На канкрэтнае пытанне Свабоды, ці служыў ён сам у войску, спадар Шпакоўскі адказаць катэгарычна адмовіўся.

 

Дзермант: «Я не служыў. Знаходжуся ў адпачынку, крыху выпаў з кантэксту»

Афіцыёзны філосаф, галоўны рэдактар парталу IMHOclub.by. Аляксей Дзермант у войску не служыў.

 

Аляксей Дзермант

Аляксей Дзермант

 «Я не служыў, бо спачатку паступіў у ВНУ, потым рабіў на вока аперацыю, атрымаў адтэрміноўку, затым паступіў у аспірантуру, займаўся навукай», — кажа Свабодзе Аляксей Дзермант.

Пракаментаваць законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска суразмоўца не змог: «Я знаходжуся ў адпачынку і крыху выпаў з кантэксту, не сачыў за гэтым абмеркаваннем».

 

Лідары БРСМ Дзмітрый Варанюк і Сяргей Клішэвіч у войску не служылі

 

Дзмітрый Варанюк

Дзмітрый Варанюк

Першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, але, мяркуючы на біяграфіі на сайце, пераліку пасадаў у розных падраздзяленнях моладзевага саюзу, у войску не служыў. Пасля заканчэння Магілёўскага педуніверсітэту ўзначаліў Ленінскі раённы камітэт БРСМ у Магілёве, потым кіраваў Магілёўскім абласным, Мінскім абласным камітэтамі, вучыўся ў Акадэміі кіравання, а летась узначаліў ЦК БРСМ.

Лідар Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ Сяргей Клішэвіч вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, у 21 год ачоліў ячэйку БДУ, у 24 гады стаў другім сакратаром ЦК БРСМ.

Атрымаць каментары ад першага сакратара ЦК БРСМ Дзмітрыя Варанюка і кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі Сяргея Клішэвіча ў пятніцу не ўдалося — яны «забяспечвалі Еўрапейскія гульні».

www.svaboda.org