Супраць «закона аб адтэрміноўках» прагаласавалі 9 дэпутатаў

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб змяненні законаў эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы", які ўжо атрымаў неафіцыйную назву "закона аб адтэрміноўках", піша «Еўрарадыё».

Фота belsat.eu

Фота belsat.eu

Перад галасаваннем у другім чытанні выступіла толькі адна дэпутатка — Ганна Канапацкая. Яна звярнула ўвагу, што закон выклікаў негатыўную рэакцыю ў грамадстве, і заклікала калег прыняць узважанае рашэнне. Раней дэпутатка падрыхтавала свае праўкі ў гэты законапраект, але паколькі ён прымаецца ў тэрміновым парадку, то яе прапановы нават не сталі разглядаць.

За прыняцце законапраекта прагаласавалі 85 дэпутатаў, супраць — 9.

Дарэчы, калі закон прымалі ў першым чытанні, за яго прагаласавалі 87 чалавек, а супраць — 6.

Калі новы закон набудзе моц, хлопцы змогуць атрымаць адтэрміноўку ад войска для атрымання адукацыі, якая будзе давацца толькі адзін раз.