Шэнгенскія візы «Начным ваўкам» анулююць — МЗС Польшчы
Удзельнікі расійскага нацыяналістычнага клюбу байкераў «Начныя ваўкі» маюць праблемы з атрыманьнем шэнгенскіх візаў, а ўлады Нямеччыны анулююць тыя візы, якія ім выдалі раней.
Пра гэта паведаміў польскі міністар замежных спраў Гжэгаж Схетына ў эфіры Radio Zet.
«Ведаю, што яны маюць праблемы з атрыманнем шэнгенскай візы», — сказаў міністр, каментуючы запланаваны мотапрабег байкераў з Масквы ў Берлін.
«У сваю чаргу, Нямеччына анулюе шэнгенскія візы», — сказаў Схетына і дадаў, што польскі ўрад плануе неўзабаве вырашыць, ці прапускаць гэтых байкераў на сваю тэрыторыю.
Схетына не выключыў, што Польшча таксама анулюе выдадзеныя ўдзельнікам гэтага клубу шэнгенскія візы. «Мы павінны ўбачыць, якой будзе візавая сітуацыя, як яна звязаная са спісам, які мы атрымалі», — растлумачыў міністр.
«Начныя ваўкі» плануюць праехаць па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, Славаччыны, Чэхіі, Аўстрыі і Нямеччыны.
Беларусы ўжо ініцыявалі праз сацыяльныя сеткі кампанію «Не — праезду расейскіх байкераў-тэрарыстаў празь Беларусь!».
Да суполкі далучыліся больш за 200 чалавек.
Паводле інфармацыі арганізатараў акцыі «Не — праезду расейскіх байкераў-тэрарыстаў праз Беларусь!», расклад і маршрут руху «Начных ваўкоў» па Беларусі такі:
«25.04 — Смаленск — Мінск, старт у 19:00, дарога зойме 4 гадзіны, прыбыццё ў 23:00, сустрэча з менскай філіяй „Начных ваўкоў“ каля Кургана Славы.
26.04 — Мінск — Хатынь, старт у 08:00, прыбыццё ў 09:00.
26.04 — Менск — Берасце, старт у 11.00, прыбыццё ў 16:00, сустрэча з берасцейскімі „ваўкамі“, паход на Брэсцкую крэпасць.
27.04 — 08:00 старт ад Берасця на Вроцлаў (праз памежны пераход „Тэрэспаль“)».
Мікіта Семяненка
Актывіст моладзевага крыла руху «За свабоду» Мікіта Семяненка, ініцыятар акцыі супраціву, кажа, што ў польскім Тэрэспалі расейскіх байкераў «чакае аб’яднаны міжнародны супраціў беларусаў, палякаў, чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, немцаў і ўкраінцаў». Паводле словаў актывіста руху «За свабоду», «дзясяткі беларусаў гатовыя фізічна сустрэць зграю «Начных ваўкоў».