Рух "За Свабоду" хоча правесці акцыю супраць мотапрабегу "Начных ваўкоў"

Актывіст маладзёжнага крыла Руху “За Свабоду” Мікіта Семяненка ініцыяваў праз сацыяльныя сеткі кампанію “Не праезду расійскіх байкераў-тэрарыстаў праз Беларусь!”. Гаворка вядзецца пра арганізацыю пратэсту супраць мотапрабегу суполкі “Начныя ваўкі” па тэрыторыі нашай краіны.



vladimir_putin_i_nocnyje_volki.jpg

У звароце да жыхароў Беларусі гаворыцца: “Напрыканцы красавіка 2015 году банда расійскіх байкераў-тэрарыстаў "Начныя ваўкі", што ўдзельнічалі ў акупацыі Крыму і працягваюць ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях на баку сепаратыстаў супраць Украіны, плануюць праехаць па Беларусі, спыняючыся ў Мінску і Брэсце, і далей па так званым "шляху савецкага войска" праз Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Аўстрыю і Нямеччыну. Байкеры Еўрасаюзу выступілі катэгарычна супраць праезду бандытаў праз тэрыторыі сваіх краінаў. Спадзяемся, што байкерская супольнасць Беларусі незалежна ад клубнай прыналежнасці пакажа дзе месца прапуцінскай тэрарыстычнай арганізацыі і зробіць усё магчымае, каб не пусціць яе ўдзельнікаў на беларускія дарогі”.

Планаваны расклад і маршрут руху байкераў такі: “25.04 — Смаленск-Мінск, старт а 19:00, дарога зойме 4 гадзіны, прыбыццё а 23:00 — сустрэча з мінскай філіяй "Начных ваўкоў" каля Кургану Славы. 26.04 — Мінск-Хатынь, старт а 08:00, прыбыццё а 09:00. 26.04 — Мінск-Брэст, старт аб 11.00, прыбыццё а 16:00, сустрэча з брэсцкімі “ваўкамі”, паход на Брэсцкую крэпасць. 27.04 — а 08:00 старт ад Брэста на Уроцлаў (праз памежны пераход "Цярэспаль")”.

Семяненка кажа, што ў польскім Цярэспалі расійскіх байкераў “чакае аб'яднаны міжнародны супраціў беларусаў, палякаў, чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, немцаў і ўкраінцаў”.

У сваю чаргу польскія байкеры і грамадскія актывісты пагражаюць сарваць мотапрабег. Яны разглядаюць прыезд членаў расійскага мотаклуба ў Еўрасаюз як «пачатак расійскай агрэсіі».
 

«Яны былі ў Крыме перад тым, як яго акупавала Расія. Яны былі на Данбасе, і цяпер яны забіваюць і рабуюць ў гарадах пад расійскім кантролем», — гаворыцца на старонцы ў Facebook пад назвай "Не праезду бандытаў з Расіі праз Польшчу».
 

Як вядома, прэзідэнт мотаклуба «Начныя ваўкі» Аляксандр «Хірург» Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан». Ён уваходзіць у лік расійскіх грамадзян, якія апынуліся ў санкцыйных спісах заходніх краін.

У Беларусі да мерапрыемства плануюць далучыцца байкеры з мясцовага аддзялення «Начных ваўкоў». Папярэдне з беларускага боку ў мотапрабегу будуць удзельнічаць каля 20-30 чалавек. Яны сустрэнуць удзельнікаў мотапрабег на расійска-беларускай мяжы і будуць суправаджаць да мяжы з ЕС, распавёў Naviny.by кіраўнік мінскага аддзялення мотаклуба «Начныя ваўкі» Аляксей Вакульчык.

Узгадніць маршрут мотапрабега па тэрыторыі Беларусі з мясцовымі ўладамі Аляксей Вакульчык плануе, як толькі расійскі бок прадаставіць больш дакладную інфармацыю пра мерапрыемства.