Сышлі ў неба...
Трагедыя — гэта заўсёды трагедыя. Але вельмі шкада, што яна становіцца галоўнай навіной тыдня, якую працягваюць абмяркоўваць усе і ўся. І абмяркоўваюць не адзін дзень. І будуць абмяркоўваць надалей. У Радаме (Польшча) падчас выканання дэманстрацыйнага палёту разбіўся беларускі шматфункцыянальны знішчальнік Су–27УБ. Абодва пілоты загінулі.
Трагедыя — гэта заўсёды трагедыя. Але вельмі шкада, што яна становіцца галоўнай навіной тыдня, якую працягваюць абмяркоўваць усе і ўся. І абмяркоўваюць не адзін дзень. І будуць
абмяркоўваць надалей. У Радаме (Польшча) падчас выканання дэманстрацыйнага палёту разбіўся беларускі шматфункцыянальны знішчальнік Су–27УБ. Абодва пілоты загінулі.
Падчас выканання фігур вышэйшага пілатажу знішчальнік пачаў губляць вышыню. Пілоты Су–27УБ — лётчыкі-снайперы Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч — прынялі рашэнне не
катапультавацца, а адвесці самалёт на максімальна магчымую адлегласць ад населенага пункта. Цаной свайго жыцця беларусы прадухілілі больш цяжкія наступствы катастрофы.
Палкоўнік Аляксандр Марфіцкі з’яўляўся намеснікам камандуючага Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войск СПА, палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч — намеснікам камандзіра
61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (ЗАБ) у Баранавічах (Брэсцкая вобласць).
Гэта трэцяя аварыя з удзелам ваенных самалётаў у гісторыі суверэннай Беларусі, у якой загінулі пілоты. Першая адбылася 23 мая 1996 года. У ёй загінуў начальнік паветрана-агнявой і тактычнай
падрыхтоўкі 61-й ЗАБ падпалкоўнік Уладзімір Карват. Цаной свайго жыцця лётчык адвёў самалёт, які загарэўся, ад населеных пунктаў. Указам прэзідэнта Карвату, першаму ў краіне, было прысвоена званне
Героя Беларусі (пасмяротна). Другая аварыя адбылася 19 мая 1997 года ў раёне Баранавічаў. Су–17, які разбіўся, пілатаваў падпалкоўнік Сяргей Паграбан. Прычыны яго гібелі не
абнародаваліся.
30 жніўня Мінабароны Беларусі агучыла папярэднюю прычыну катастрофы — траплянне птушкі ў паветразаборнік рухавіка знішчальніка. Замежныя СМІ вылучылі і іншыя версіі: памылка пілотаў пры
выкананні фігуры вышэйшага пілатажу на невялікай вышыні і страта прытомнасці адным з лётчыкаў.
Канешне, у прычынах катастрофы разбярэцца адмысловая камісія. Але нешта ўсё ж падаецца
дзіўным. Па-першае, хуткасць, з якой беларускае Мінабароны выказалася пра папярэднюю версію крушэння: без экспертызаў, без расшыфроўкі «чорных скрыняў», без анічога. Па-другое,
Су–27УБ — гэта знішчальнік-«усенадворнік», які павінен лётаць пры любым надвор’і, ці то снег, ці то град, ці то пясчаная бура. Заваліцца ад адной птушкі?
Вельмі сумнеўна. Па-трэцяе, з кулуараў прасачылася інфармацыя, што з Адміністрацыі прэзідэнта ваенным настойліва параілі «не раздзьмухаць» тэму катастрофы.
У Баранавічах каля авіязаводу вісеў плакат з выявай таго самага 63-га борта. 2 верасня, перад прылётам целаў загінуўшых пілотаў, на плакаце замалявалі лічбу «63»... Ці не
крыўдна?
Але больш крыўдна за каментары на шматлікіх форумах, якія абмяркоўвалі катастрофу. Нечакана чамусьці большасць стала намякаць на дрэнную падрыхтоўку пілотаў (хаця лётчык-снайпер — вышэйшая
прафесійная кваліфікацыя), нешматлікую колькасць налёту (у першага пілота — 2,5 тысячы гадзін налёту, у другога — 1600), дрэнную тэхніку (самалёт перад адпраўкай на авіяшоу прайшоў
мадэрнізацыю). І дакаціліся да таго, што ўвогуле нашы лётчыкі, — не героі, а ахвяры абставінаў.
Да чаго ж мы сябе не любім! Нават у геройскім учынку шукаем нешта дрэннае. Нават калі самі палякі прызнаюць гераічны ўчынак нашых лётчыкаў, мы ўсё роўна займаемся самапрыніжэннем. Дарэчы, для ўдзелу
ў вайсковым рытуале развітання прыбыў камандуючы ВПС Польшчы Анджэй Бласік, а таксама рота ганаровай варты Войска Польскага. А гэта ўжо — не хухры-мухры.
З добрых навінаў можна адзначыць адну. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка становіцца сапраўдным беларусам. У першы дзень новага навучальнага года ён узяў удзел у цырымоніі адкрыцця Цярэбліцкага
беларускамоўнага навучальна-педагагічнага комплексу яслі — сад — сярэдняя школа ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці.
Важна тут тое, што комплекс — цалкам беларускамоўны. Здаецца, па ўсёй краіне такіх комплексаў няма. Можа, гэты ўчынак паспрыяе пашырэнню беларускамоўнага навучання па ўсёй краіне?
Цікавая навіна прыйшла са Злучаных Штатаў. 1 верасня амерыканскае выданне «The Virginian-Pilot» паведаміла пра тое, што суд штата Вірджынія асудзіў 27-гадовага Пятра Баравіка на
пяць гадоў пазбаўлення волі.
Асуджаны быў падначаленым іншага беларуса, Віктара Круся, які атрымаў сем гадоў пазбаўлення волі ў ліпені гэтага года. Баравік прызнаў сябе вінаватым у тым, што ўдзельнічаў у пастаўцы нелегальных
працоўных у гасцініцы і рэстараны пад кіраўніцтвам Круся і яшчэ аднаго лідэра групоўкі. Следства выявіла, што Баравік агулам зарабіў на нелегалах каля 233 тысяч долараў.
Пётр Баравік прыехаў у ЗША ў 2003 годзе. Ён разам з шэрагам іншых людзей (іх імёны пакуль не называюцца) атрымалі палітычны прытулак у 2004 годзе як удзельнікі апазіцыйнай арганізацыі
«Зубр».
«Зубр» спыніў сваё існаванне яшчэ ў 2006 годзе. Але дагэтуль яго дзейнасць адгукаецца па ўсіх частках свету. На шчасце, следства ўстанавіла, што Крусь і Баравік не ўваходзілі ў
палітычную арганізацыю «Зубр» і іх не пераследавалі за палітычную дзейнасць. Так што беларуская апазіцыя і былыя «зуброўцы» могуць быць спакойныя.
І яшчэ адна прыкольная навіна. Беларусь не адмовілася ад вытворчасці «мабільных кірпідонаў». Прадпрыемства «Мастоўская сельгастэхніка» да канца года плануе
наладзіць выпуск мабільных тэлефонаў для пенсіянераў.
Як паведаміў начальнік спецыялізаванага цэха № 2 па вытворчасці тэлефонаў і жгутоў прадпрыемства «Мастоўская сельгастэхніка» Сяргей Міцкевіч, праект па вытворчасці недарагіх сотавых
тэлефонаў знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Чакаецца, што ў новых мабільнікаў для пенсіянераў будзе мінімальны набор функцый. Як паведаміў дырэктар прадпрыемства «Мастоўская
сельгастэхніка» Мікалай Лісай, адной з галоўных будзе з’яўляцца функцыя SOS, дзе запраграмуюць найбольш важныя нумары для пажылых людзей. Таксама для больш камфортнага выкарыстання
ў мабільных апаратаў зробяць вялікія кнопкі і вялікі экран. Апрача таго, паводле слоў дырэктара завода, тэлефон будзе максімальна даступны па цане для мэтавай аўдыторыі.
З гэтай ідэяй «дагонім і перагонім Siemens i Nokia» беларускія ўлады насіліся даўно. Але цікава, колькі будзе важыць падобны апарат і ад якой сім-карткі ён будзе працаваць?
«Бест» жа ўжо прадалі туркам, і на яго месцы даўно ўжо Life:).