Сяргей Навумчык: для кіраўніцтва спецслужбаў не мае значэння Беларусь як дзяржава, і незалежнасць як каштоўнасць

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета паразважаў пра апошні зліў Ігара Макара.



Сяргей Навумчык. Фота racyja.com

Сяргей Навумчык. Фота racyja.com

— У выпадку, калі аўдыёзапіс размовы чалавека, чый голас падобны на аднаго з былых кіраўнікоў КДБ, сапраўдны, трэба прызнаць, што нічога прынцыпова новага пра рэжым, які пануе ў Беларусі 27-мы год, мы не даведаліся, — піша Сяргей Навумчык. — Але запіс пацвярджае некаторыя зробленыя раней высновы.

Для кіраўніцтва спецслужбаў не мае ніякага значэння Беларусь як дзяржава, як і незалежнасць нічога не вартая для іх як каштоўнасць. Значэнне мае выключна і толькі выкананне волі Лукашэнкі.

Нічога не вартыя ў іх вачах ні Канстытуцыя, ні закон. Значэнне мае — «не падставіцца».

У спецслужбах і на ўзроўні кіраўніцтва, і на ўзроўні шэраговых афіцэраў (у дадзеным выпадку ў групы КДБ «Альфа») паняцце «апазіцыя» атаясамліваецца з паняццем «злачыннасьць», а «апазіцыянер», адпаведна — са «злачынцам», якога трэба затрымліваць, садзіць, а па загаду кіраўніцтва — і знішчаць («расстрэльваць», «тапіць»).

Зноў жа, нічога новага: у красавіку 1995-га менавіта афіцэры КДБ «Альфа» збівалі дэпутатаў Апазіцыі БНФ, што ў прававой плоскасці выглядае як тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячаў.

Для афіцэраў КДБ будзе шокам даведацца, што ў большасці дэмакратычных краінаў апазіцыйныя партыі маюць бюджэтнае фінансаванне, іх лідары — дзяржаўную ахову. У Вялікабрытаніі лідараў апазіцыі інфармуюць пра дзяржаўныя справы практычна ў тым жа аб’ёме, што і ўрад. Тое ж тычыцца, з некаторымі адрозненнямі, і ЗША.

Робіцца гэта для захавання стабільнасці дзяржавы. Важнае ўдакладненьне: не ўлады, а — дзяржавы. Бо ўлада ў выніку свабодных выбараў мяняецца рэгулярна (і павінна мяняцца), а дзяржава (краіна) — застаецца.