Экс-сілавік Ігар Макар: Лукашэнка даў КДБ устаноўку ліквідаваць Шарамета

Былы сілавік Ігар Макар даў выданьню EUobserver аўдыёзапіс, з якой вынікае, што Аляксандр Лукашэнка хацеў ліквідаваць сваіх апанентаў. Падрабязнасці — у інтэрв'ю DW з Ігарам Макарам.



56127384_303.jpeg

Еўрапейскае выданне EUobserver у панядзелак, 4 студзеня, апублікавала 24-хвілінны запіс, з якога вынікае, што Аляксандр Лукашэнка мог планаваць фізічную ліквідацыю некаторых беларускіх палітычных эмігрантаў у Еўропе. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра былога супрацоўніка цэнтральнага апарата Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Вячаслава Дудкіна, былога начальніка сталічнага СІЗА №1 Алега Алкаева і былога камандзіра 5-й асобнай брыгады спецназа палкоўніка Уладзіміра Барадача, а таксама журналіста Паўла Шарамета, які загінуў летам 2016 года ў выніку выбуху аўтамабіля ў Кіеве.

Паводле звестак выдання, запіс быў зроблены ў красавіку 2012 года, а галасы на ёй належаць Вадзіму Зайцаву (на той момант — старшыні Камітэта дзяржбяспекі Беларусі) і прадстаўнікам падраздзяленні спецназа «Альфа».

Аўдыёзапіс інтэрнэт-выданню перадаў беларускі апазіцыйны актывіст і былы супрацоўнік антытэрарыстычнага спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар, які падкрэслівае, што гатовы пацвердзіць усе звесткі ў судзе. DW паразмаўляла з Ігарам Макарам аб сенсацыйным аўдыёзапісе і аб магчымым планаванні палітычных забойстваў вышэйшымі службовымі асобамі Беларусі.

— Раскажыце, як да вас трапіў гэты запіс і чаму ён быў апублікаваны толькі цяпер?

— Запіс да мяне трапіў у 2012 годзе ад маіх ананімных крыніц з Камітэта дзяржбяспекі Беларусі. Калі я пачуў на запісу імя майго блізкага сябра, Алега Алкаева, я паспрабаваў выратаваць яму жыццё і звярнуўся за дапамогай да амерыканскіх спецслужбаў, якія гэта прадухілілі.

Як я зразумеў, амерыканскія службы адразу ж паведамілі пра гэта па месцы жыхарства Алега Алкаева, Вячаслава Дудкіна і Уладзіміра Барадача. Мне Алкаеў сам асабіста распавядаў, што з ім звязалася крымінальная паліцыя з нагоды таго, што яго жыццю пагражае небяспека, што яму трэба даць асабістую ахову і што ён не павінен выязджаць за межы Германіі. Таксама ў МЗС Беларусі было агучана аб рыхтаваным злачынстве і, наколькі я ведаю, з-за гэтага Аляксандр Лукашэнка зняў тагачаснага старшыню КДБ Вадзіма Зайцава.

Тады я гэты запіс не публікаваў, таму што на той час гэта не ўяўлялася магчымым, я не змог бы змагацца з рэжымам у адзіночку. Цяпер, калі ўся Беларусь паўстала супраць рэжыму, калі я бачу згуртаванасць народа, я разумею, што мая падтрымка і дапамога Беларусі патрэбная, і я адважыўся на гэты крок. Я гатовы ахвяраваць сваім жыццём, каб Беларусь стала свабоднай і каб беларускі народ быў вольны і жыў у незалежнай суверэннай краіне.

— EUobserver адзначае, што ў аўдыёзапісы няма відавочных слядоў мантажу, аднак эксперты пакуль не змаглі канчаткова пацвердзіць яго сапраўднасць. Якія ў вас ёсць падставы сцвярджаць, што гэты запіс сапраўдны?

— Ёсць падставы давяраць, што гэты запіс сапраўдны, таму што моя крыніца з КДБ мела зносіны непасрэдна з адным з тых, хто прысутнічае на запісу.

— Вам вядомыя меркаваныя імёны двух іншых мужчын, якія нібыта гутараць з экс-кіраўніком КДБ Вадзімам Зайцавым?

— На жаль, маючы толькі запіс, можна сказаць, што гэта супрацоўнікі антытэрарыстычнага падраздзялення «Альфа» КДБ Беларусі. Таксама на запісе чуваць, што аднаго завуць Юрый. Цяпер я не ведаю, хто гэта, але, думаю, з часам гэтыя імёны будуць мне вядомыя.

— Чаму, па-вашаму, гаворка на запісе ідзе менавіта аб гэтых людзях — Алкаеве, Барадачы, Дудкіне і Шарамеце?

— Я думаю, гэтыя людзі валодалі інфармацыяй, якая моцна замінала цяперашняму рэжыму. Калі б яна была апублікаваная, то мела б вельмі важнае дачыненне да рэжыму і моцна б паўплывала на сусветную грамадскасць. Менавіта таму рэжым быў гатовы гэтым займацца — ліквідаваць людзей і рабіць так, каб зліваў інфармацыі не было.

Алег Алкаеў і Ігар Макар

Алег Алкаеў і Ігар Макар

— Наколькі, па-вашаму, у цэлым выкладзеная ў запісе сітуацыя рэальная: абмеркаванне ў КДБ Беларусі плана ліквідацыі дысідэнтаў за мяжой па даручэнні Лукашэнкі? Думаеце, у беларускіх спецслужбаў хапіла б сіл і рэсурсаў, правесці такую аперацыю на тэрыторыі іншай дзяржавы?

— Для мяне гэта нядзіўна. Усе 26 гадоў кіравання Лукашэнкі спецслужбамі здзяйсняліся злачынствы рознага кшталту. Можна ўспомніць, напрыклад, знікненні апазіцыйных палітыкаў у канцы 90-х гадоў. Для чалавека, які мае дачыненне да органаў і сілавых структур, гэтая інфармацыя не навіна.

На запісе, калі вядзецца гаворка аб фізічнай ліквідацыі Паўла Шарамета, гаворыцца, што гэта планавалася для таго, каб зрабіць нешта рэзананснае, каб пачаць карыстацца грашыма, якія былі на спецрахунку КДБ —1,5 млн долараў было выдзелена па загадзе Лукашэнкі. Але трэба разумець, што фізічная ліквідацыя на тэрыторыі Германіі была б магчымая за абсалютна іншыя грошы, выканаўцы маглі гэта зрабіць за нішто, бо галоўнае — выканаць загад.

— Вы сцвярджаеце, што паралельна з палітычнымі забойствамі мелі месца карупцыйныя схемы?

— Так, менавіта гэта я і хацеў сказаць. З усіх грошай, што былі пакладзеныя на спецрахунак КДБ, была б задзейнічаная значна меншая сума, а астатнія грошы пайшлі б у КДБ, намеснікам і тым, хто мае дачыненне.

А наконт гэтых грошай я ўпэўнены, што яны паступілі ад бізнесменаў, у якіх альбо адабралі бізнес, альбо адабралі якую-небудзь суму. Каб бізнесоўцаў не пасадзілі ў турму, у іх проста забіраюць грошы для такіх брудных мэтаў.

— Як вы думаеце, чаму ў беларускіх спецслужбаў не атрымалася ажыццявіць задуманае?

— Як я паўтаруся, у 2012 годзе, каб выратаваць майго сябра, я звярнуўся да амерыканскіх спецслужбаў — гэта яны ўсё прадухілілі. Калі б я гэтага не зрабіў, я ўпэўнены на 99%, што названыя людзі былі б забітыя.

— На аўдыёзапісе гаворка таксама ідзе пра журналіста Паўла Шарамета, які ў 2016 годзе загінуў у Кіеве праз выбух аўтамабіля. Падчас апублікаванай размовы экс-кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў з двума супрацоўнікамі «Альфы» нібыта абмяркоўваюць менавіта такі спосаб забойства Шарамета. Як вы лічыце, Паўла Шарамета забілі беларускія спецслужбы?

— Я гутарыў пра гэта з інфарматарамі, якія размаўлялі з іншымі людзьмі з КДБ і іншых структур, і мне было канкрэтна сказана, што праца па Паўлу Шарамету беларускімі спецслужбамі не спынялася. На маю думку, гэта зрабілі менавіта беларускія спецслужбы. Нават па гэтым запісе відаць, наколькі эмацыйным становіцца Зайцаў, калі гаворка ідзе пра Шарамета. Я ўпэўнены, што Лукашэнка паставіў устаноўку КДБ ліквідаваць Шарамета.

— Чаго вы хочаце дамагчыся апублікаваннем гэтай інфармацыі?

— Я хачу яшчэ раз данесці да сусветнай грамадскасці і грамадзян Беларусі, што чыноўнікі, якія ў 2011-2012 гадах былі ў асяроддзі вышэйшых чыноў КДБ, мелі непасрэднае дачыненне да гэтых злачынстваў. Я магу назваць прозвішчы: акрамя Аляксандра Лукашэнкі і Вадзіма Зайцава, яшчэ фігуруе Іван Церцель (у той час намеснік старшыні КДБ, цяпер — старшыня КДБ Беларусі), Віктар Вягер (у той час — першы намеснік старшыні КДБ) і Алег Чарнышоў (тады — камандзір групы «Альфа», цяпер намеснік старшыні КДБ).

Я вельмі спадзяюся, што ЕС увядзе яшчэ круг санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама ў мяне ёсць інфармацыя, што Алег Алкаеў падасць заяву аб яго рыхтаваным забойстве, і Германія распачне крымінальную справу. Таксама я вельмі спадзяюся, што гэтую сітуацыю возьмуць у распрацоўку ЗША, і, вядома, хацелася б, каб на гэта адрэагавала Расія. Рэжым Лукашэнкі перайшоў усе межы, і гэтаму трэба пакласці канец.

— Можа, у вас ёсць інфармацыя, што беларускае кіраўніцтва і цяпер плануе палітычныя забойствы сваіх праціўнікаў?

— На жаль, я не магу на гэтае пытанне адказаць, таму што я вяду сур'ёзную працу ў гэтым кірунку. Калі ў мяне будзе инфармацыя, якая будзе тычыцца чыйго-небудзь жыцця, і я буду ўпэўнены, што мой інфарматар у бяспецы, я абавязкова гэта апублікую. Таму што, публікуючы цяперашні запіс, я кіраваўся тым, што гэты былы супрацоўнік КДБ ужо знаходзіцца ў ЕС, яго жыццю не пагражае небяспека.

— Вы не баіцеся за сваё жыццё пасля апублікавання запісу?

— Вядома, я перажываю, за сваё жыццё, я разумею, што многім рызыкую. Але паўтаруся: дзеля свабоды роднай краіны я гатовы ахвяраваць сваім жыццём.