Сёння ў Беларусі пройдзе глабальная акцыя па прыборцы смецця «Зробім!»
Акцыя — частка сусветнага руху «Let's Do It!», які аб'ядноўвае 112 краін і 14 млн валанцёраў. Яго ўдзельнікі прыбіраюць месцы, дзе ўтварыліся стыхійныя звалкі: зоны адпачынку ў гарадах, лясы, пляжы, берагі вадаёмаў.
Прыборка ў гарадах звычайна не патрабуецца, бо цэнтр дастаткова добра прыбіраюць камунальныя службы. Праблемы пачынаюцца бліжэй да ўскраін — у лесапаркавых зонах і месцах «культурнага адпачынку» за горадам. У лясах часта можна знайсці сапраўдныя звалкі. Людзі скідаюць смецце ў яму, лічачы, што пазбавіліся ад яго, але на самой справе смецце нікуды не знікае, а працягвае гадамі ляжаць, забруджваючы глебу, ваду і паветра, лічаць арганізатары акцыі. Адна з іх, Надзея Дубоўская, расказала Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі», для чаго гэта.
— Пазначана, што на прыборку
выйдуць людзі ў больш чым 30 населеных
пунктах краіны. Як выбіралі гэтыя месцы?
Ці яны самыя брудныя?
— Так, на ўборку 9 красавіка выйдзе, мабыць, нават больш населенных пунктаў (гэта і вялікія гарады, і аграгарадкі, і вёскі). Іх ніхто не выбіраў, гэта проста мясціны, людзі з якіх выказалі жаданне паўдзельнічаць у акцыі: арганізаваць сваю ўборку ці спрычыніцца да той, якую арганізаваў нехта іншы.
Але з колькасці адзначаных брудных кропак на мапе ў пэўным горадзе можно зрабіць, хутчэй, вынік не дзе больш за ўсё смецця, а дзе самыя актыўныя людзі.
— А што гэта за людзі, арганізацыі, якія далучаюцца да акцыі? І для чаго?
— Да акцыі далучаюцца звычайныя людзі, якім не ўсё роўна, як выглядае іх родная краіна. Яны кажуць, што ім непрыемна хадзіць побач са смеццем, гадаваць дзяцей у брудным асяроддзі. Гэта і моладзь, і бацькі з дзецьмі, у гэтым годзе падключыліся актыўныя пенсіянеры.
Бізнес актыўна падхапіў ідэю валанцёрскай акцыі. Наш партнёр — дошка бясплатных аб'яваў Куфар — ладзіць сваю ўборку ў Брылевічах. Кампанія velcom будзе добраўпарадкаваць тэрыторыю дома-музея Ваньковічаў, а кампанія EPAM Systems тэрыторыю вакол Парка высокіх тэхналогій.
Леташняя акцыя ў Магілёве
— Акцыя праводзіцца ўжо не першы
раз, можаце расказаць пра папярэднія
вынікі?
— Акцыя ў Беларусі праходзіць з 2012 года, а ўвогуле яна пачалася ў Эстоніі ў 2008 годзе. Кожны год у «Зробім!» удзельнічае больш людзей, чым у папярэдні. Напрыкад, у 2015 годзе на ўборкі выйшлі каля 1500 валанцёраў па ўсёй краіне, якія сабралі 112 тон смецця. Мяркуем, што ў гэтым годзе будзе больш удзельнікаў.
— Акцыя праходзіць толькі адзін дзень, ці будуць паўторы? Ці стане ініцыятыва «Зробім!» альтэрнатывай суботнікам?
— Вялікая акцыя — адзін дзень, але мы не плануем спыняць дзейнасць пасля 9 красавіка. Напрацягу года кожны можа, карыстаючыся нашай інфармацыяй, зладзіць уборку пад эгідай «Зробім!». Мы б нават хацелі, каб гэты рух стаў дэцэнтралізаваным і «пайшоў у народ».
— Як можна далучыцца да прыборкі?
— Можна паглядзець спіс адкрытых прыборак тут, абраць зручную, звязацца з яе арганізатарам і выходзіць прыбіраць. А можна зладзіць сваю. Для гэтага трэба прачытаць нашыя парады, знайсці на мапе вольную брудную кропку і сабраць, напрыклад, сяброў і суседзяў ці незнаёмых аднадумцаў праз сацсеткі.
У Беларусі акцыю каардынуе аргкамітэт,
у які ўваходзяць прадстаўнікі ўстановы
«Цэнтр экалагічных рашэнняў», таварыства
«Зялёная сетка», фонду «Інтэракцыя»,
ГА «Мінскае роварнае таварыства»,
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы
навакольнага асяроддзя і Міністэрства
жыллёва-камунальнай гаспадаркі.