Як не стаць браканьерам: чаго нельга выносіць з лесу і выцягваць з ракі вясной
Вясновыя дзянькі дазваляюць добра правесці час на прыродзе. Аднак часта гараджане спрабуюць вынесці з рэк і лясоў не толькі добры настрой. Інакш кажучы, займаюцца браканьерствам, спрабуючы лавіць рыбу, што ідзе на нераст, або зрываючы самыя першыя кветкі. Узгадваем, якія пакаранні прадугледжаны за гэта ў Беларусі.

Браканьерскія сеткі даўжынёй як 25 Старых мастоў
Рыбу ловяць з дапамогай забароненых сродкаў, найчасцей сетак, у любым сезоне. Але вясной шкода ад гэтага робіцца больш значнай, бо рыба нерастуе. У гэты перыяд пакаранні за лоўлю рыбы больш чым адной вудай ці спінінгам больш жорсткія.
Парушэнне правіл караецца штрафам ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (4,2-10,5 млн рублёў), а шкода прыродзе кампенсуецца ў трайным памеры.

Калі агульная сума нанесенай шкоды складзе 100 і больш базавых велічынь, артыкул 281 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае крымінальную адказнасць.
Гэтай вясной супраць рыбакоў–браканьераў на Гарадзеншчыне распачата ўжо чатыры крімінальных справы — дзве ў Ваўкавыскім раёне і па адной у Карэліцкім і Смаргонскім раёнах, — паведаміў начальнік оператыўна-аналітычнага аддзела Гродзенскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Зінчанка. — За гэты перыяд у браканьераў канфіскавана каля 80 кг незаконна здабытай рыбы.

У час следства рыба захоўваецца як рэчавы доказ, а пазней бясплатна перадаецца ў заапарк, дзе яе выкарыстоўваюць як корм для пеліканаў ды іншых жывёл. Агулам ад пачатку года ў браканьераў вобласці канфіскавана каля 123 сетак агульнай даўжынёй каля пяці кіламетраў — гэта даўжыня 25-ці Старых мастоў! Таксама канфіскавана амаль 200 іншых забароненых прыладаў лову.
Вясновы букецік — таксама браканьерства?
“Першыя сёлетнія кветкі пабачыла я… на рынку, — расказвае пенсіянерка з Гродна Зоя. — Пасля пайшла ў Пышкі, паглядзець ці там зацвілі”. Зоя ведае ў гэтым ляску некалькі палянак, дзе штовесну з’яўляюца кветкі. Спачатку — блакітныя пралескі, пазней — белыя ветраніцы. З яе словаў, раней у Пышках кветкі з’яўляліся амаль паўсюдна, зараз іх можна знайсці літаральна ў лічаных месцах.

Што да шкоды прыродзе ад бяскрыўдных на першы погляд букецікаў, то варта нагадаць — ветраніца адносіцца да раслін, якім пагражае знікненне і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, а пралескі ў Чырвоную кнігу Еўропы і пералік раслін, што патрабуюць прафілактычнай аховы.
Пакаранне за знішчэнне чырвонакніжных раслін ці дзеянні, што прыводзяць да парушэння іх натуральнага асяродку, гэта штраф ад 20 до 50 базавых велічынь (4,2-10,5 млн рублёў). Таксама караецца штрафам гандаль такімі раслінамі. У гэтым выпадку сума штрафу складзе да 10 базавых велічынь (2,1 млн).
Паводле www.t-styl.info