Скарга Юры Рубцова зарэгістравана ў ААН

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу былога палітвязня, гомельскага актывіста Юрыя Рубцова, дзе ён аспрэчвае трохсутачны арышт за майку з надпісам “Лукашенко уходи!”, за якую быў затрыманы падчас вулічнага шэсця “Дзяды-2013”.



rubcou_lu_sychodz.jpg

Фота з сайта spring96.org

Як паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, які рыхтаваў скаргу, 4 снежня ён атрымаў адпаведнае паведамленне аб рэгістрацыі скаргі за №2679/2015 і накіраванні яе беларускаму Ураду для каментару па сутнасці. 

Падчас акцыі спадар "Дзяды-2013" Ю. Рубцоў паверх вопраткі надзеў майку з надпісам “Лукашенко уходи!”. Да яго неаднаразова падыходзілі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваннем зняць майку, аднак актывіст не падпарадкаваўся, лічачы патрабаванне незаконным, якое перашкаджае вольнаму выказванню меркавання.

“Пасля завяршэння шэсця я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія склалі ў дачыненні да мяне адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, абвінаваціўшы мяне ў непадпарадкаванні іх законнаму патрабаванню пры выкананні службовых паўнамоцтваў”, — успамінае былы палітвязень.

Ён быў дастаўлены ў суд Савецкага раёна Мінска, дзе суддзя Зміцер Паўлючэнка прыцягнуў яго да адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту тэрмінам на трое сутак.

"Зараз Ураду прыйдзецца шукаць адказ на пытанне, наколькі адміністрацыйны пераслед актывіста адпавядае міжнародным абавязальніцтвам краіны па выкананні права кожнага на свабоду ўдзелу ў мірных сходах і выказвання меркавання", — кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Нагадаем, 5 жніўня бягучага года Аляксандар Лукашэнка выслухаў ад карэспандэнта Радыё Свабода Валера Каліноўскага гісторыю пра арышты гамельчука Юрыя Рубцова, якога некалькі разоў арыштоўвалі за майку “Лукашенко уходи” і заявіў, што гэта не злачынства. Неўзабаве Юрась Рубцоў быў вызвалены з турмы.

Гомельская Вяснаspring96.org