Скончыўся збор подпісаў у Акцябрскім за новы рэанімабіль

170 подпісаў жыхароў Акцябрскага раёну пад калектыўным зваротам з прапановай набыць сучасны рэанімабіль класа «С» для мясцовага шпіталю былі дасланы ў Гомельскае ўпраўленне аховы здароўя.

61543107_3330695636956679_4101039949103497216_n.jpg

У нас у раёне няма аніводнага рэанімабілю, толькі санітарныя машыны, у якіх няма аніякага абсталявання для аказання экстранай медычнай дапамогі. У іх толькі ёсць ложак. Былі выпадкі, калі людзі паміралі ў машыне, бо ім сваечасова не была аказана неабходная медычная дапамога. За апошнія некалькі год нават памерла дзіця і падлетак падчас транспарціроўкі. Тое што мы жывем у глухой правінцыі не павінна быць перашкодай да атрымання якаснай экстранай медычнай дапамогі. Вёскі выміраюць не толькі таму, што людзі з’язджаюць з іх у іншыя месцы жыць і працаваць, а таму што насельніцтва там памірае ад хвароб”, – кажа адна з арганізатарак збору подпісаў Вольга Павук.
Подпісы збіраліся амаль 4 месяцы, часта актывістам даводзілася ў свае выходныя ехаць у вёскі раёну каб сабраць подпісы. Збольшага людзі станоўчы ставіліся да гэтай ініцыятывы, але былі і такія, якія не верылі ў магчымасць станоўчага рашэння, альбо апасаліся магчымага пераследу на працы за праяву грамадскай актыўнасці. Жыхары вёсак Гаць, Ламавічы, Красная Слабада бралі ў актывістаў падпісныя лісты і збіралі подпісы самастойна.
Мы ўсе вельмі спадзяемся на станоўчае рашэнне, — каментуе Вольга Павук, — жыхары рэгіёнаў таксама грамадзяне сацыяльна — арыентаванай дзяржавы Беларусі і кошт нашага шанцу на выратаванне не даражэй за райвыканкамаўскі “Туарэг”.
У выпадку неабходнасці хворых даводзіцца весці ў Светлагорскі, ці нават у Гомель. Але ў выпадку са Светлагорскам, дзе мясцовы шпіталь таксама вельмі слаба забяспечаны якасным ды сучасным медычным абсталяванне, у жыхароў Акцябрскага раёну няма шанцаў там на атрыманне кваліфікаванай медычнай дапамогі нават у стацыянары.
Вольга Павук лічыць, што жыхарам трэба грамчэй казаць пра свае праблемы, бо “пакуль мы маўчым – для дзяржавы мы нябачныя”. — падкрэслівае актывістка.
У выпадку, калі у адказ на калектыўны зварот будзе атрымана адпіска, актывісты маюць намер абскарджваць рашэнне чыноўнікаў у вышэйстаячай інстанцыі і нават звяртацца ў суд, баронячы сваё права на атрыманне кваліфікаванай, экстранай, медычнай дапамогі.
Паводле gomelspring.org