Спыніць пракладку кабелю ля Курапатаў!

Спыніць пракладку кабелю ля Курапатаў у лісце да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі запатрабавалі прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў».

kurapaty_mk_starshyni_mhs_1_logo.jpg

Ліст накіраваны прэм’ер-міністру з-за пачатку працаў па пракладцы сілавога кабелю ад электрападстанцыі «Даўгінаўская» да пляцоўкі ля мікрараёну «Новая Баравая» ў вёсцы Копішча Мінскага раёну.
Грамадзянаў непакоіць, што частка трасы гэтага кабелю пройдзе праз ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х — 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».  
У лісце нагадваецца, што 29 лістапада 2019 году ў вясковым доме культуры аграгарадку Лясны пад Мінскам адбылося грамадскае абмеркаванне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекту кампаніі А-100 «Будаўніцтва жылога раёну з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва каля вёскі Копішча Мінскага раёну. Кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кілавольт».
Падчас грамадскага абмеркавання зазначалася, што ў ахоўнай зоне Курапатаў на паўночны захад ад іх, раней была пракладзена дзеючая траса інжынерных камунікацый (для вады, газу, электрычнасці, цяпла, тэлефоннай сувязі і каналізацыі). Побач з гэтай дзеючай трасай у ахоўнай зоне Курапатаў планавалася пракласці яшчэ адну трасу пад кабель у 10 кілавольт. Прычым каля паловы даўжыні новай трасы пракладкі кабелю ўздоўж Заслаўскай шашы таксама праходзіць у ахоўнай зоне Курапатаў, а не ў створы існуючай трасы інжынерных камунікацый у паласе адводу аўтадарогі.
Дзіўна, што архітэктары — аўтары праекту пракладкі гэтага кабелю — не звярталіся да археолагаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі з пытаннямі, што тычацца навуковага суправаджэння названага праекту.  
Як стала вядома грамадскасці, 23 чэрвеня 2016 года Міністэрства культуры ўзгадніла праектную дакументацыю па пракладцы кабелю на падставе таго, што ў ахоўнай зоне Курапатаў «дазваляецца эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый». На гэтую падставу спаслаўся і Мінскі райвыканкам у сваім лісце грамадскасці ад 17 студзеня 2020 года.
На меркаванне аўтараў ліста, ва ўзгадненні ад 23.06.2020 года закладзена памылка, бо планавалася не рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый, а пракладка новага кабелю, якога раней не было, бо не было жылога раёну ля вёскі Копішча, да якога гэты кабель павінен пракладацца.
Грамадзяне прасілі міністра культуры Юрыя Бондара адклікаць названае ўзгадненне ад 23.06.2016 года, паколькі ў ахоўнай зоне Курапатаў дазваляецца пракладка толькі тых падземных інжынерных камунікацый, што неабходныя для эксплуатацыі аб’ектаў ушанавання памяці ахвяраў, а не іншага прызначэння.
На зварот у Міністэрства культуры атрыманы адказ ад першага намесніка міністра Наталлі Карчэўскай. З гэтага адказу ад 27 студзеня 2020 года вынікае, што Міністэрства культуры ўзгадняла пракладку кабелю па-за мяжой ахоўнай зоны Курапатаў.
Грамадзяне лічаць пракладку новага кабелю незаконнай і просяць Рамана Галоўчанку:
1. Прыпыніць працы па пракладцы кабелю да распрацоўкі новага праекта яго трасы па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў.2. Распрацаваць новы праект трасы пракладкі кабелю па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў.3. Прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне да парушэння айчыннага заканадаўства ў праектаванні, атрыманні ўзгадненняў і дазволаў на праектаванне і пракладку кабелю ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Сярод падпісантаў ліста — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, палітолаг Валянціна Свяцкая, бард Аляксей Галіч, культуролаг Вацлаў Арэшка, бард Зміцер Захарэвіч, мастак Аляксей Марачкін, краязнаўца Алесь Макаў, фермер Уладзімір Матусевіч і аўтар гэтага артыкула.