У ахоўнай зоне Курапатаў пачалі капаць траншэю для пракладкі кабеля

Працы адбываюцца ў парушэнне Праекта аховы мемарыяла.

Выкапаная траншэя. Фота прадастаўлена чытачом

Выкапаная траншэя. Фота прадастаўлена чытачом

Нагадаем, яшчэ напрыканцы мінулага года прайшло грамадскае абмеркаванне праекта «Будаўніцтва жылога раёна з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб'ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва ў раёне в.Копішча Мінскага раёна». Замоўца — А-100. Размова ішла аб пракладцы электракабеля.

Тады разглядалі сем варыянтаў пракладання кабеля, але па якім прынцыпе абралі менавіта гэты варыянт, не патлумачылі. Гучалі аргументы пра эканамічную і экалагічную мэтазгоднасць. Адзін з варыянтаў прадугледжваў пракладку кабеля маршрутам на 10 кіламетраў даўжэйшым, але праз поле на левым беразе Цнянскага водасховішча. Гэты шлях не закрануў бы ні ахоўную зону Курапатаў, ні рэкрэацыйную зону Цнянкі. Але прайшоў бы па ворных землях і патрабаваў бы ўзнаўлення расліннага пакрову. У той жа час, план, які абмяркоўвалі, прадугледжвае высечку 24 дрэў і перасадку 57. Потым Зелянбуд паабяцаў зрабіць кампенсацыйныя пасадкі з 240 дрэў дыяметрам ствалоў не менш за 10 см.
«Цяперашняе будаўніцтва не нясе тэхналагічнай пагрозы Курапатам. Але нясе пагрозу як прэцэдэнт: кожны можа сказаць, маўляў, хачу там яшчэ адну лінію правесці. Калі прытрымлівацца юрыдычных нормаў, гэта незаконна», — каментаваў тады пракладку кабеля кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі.
Пракладанне новых камунікацый, не звязаных з функцыянаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцей, у іх ахоўных зонах заканадаўства забараняе.
Тым не менш з боку пасёлка «Сонечны» спецтэхніка ўжо пачала выкопваць траншэю пад кабель.

Фота прадастаўлены чытачом
Кабель дыяметрам 16 сантыметраў плануецца пракласці на глыбіні 0,7 метра. Траса будзе паўтараць рэльеф мясцовасці. Планаваная працягласць прац — 8 месяцаў, з іх у ахоўных межах Курапатаў — 2 дні, пад наглядам археолагаў. Што праўда, пакуль археолагі не ведаюць, што працы ўжо пачаліся. Траса пройдзе ад электрападстанцыі «Даўгінаўская» да пляцоўкі ля мікрараёна «Новая Баравая» ў вёсцы Копішча. Там плануецца будаўніцтва новага мікрараёна.